Ігара Лосіка змясцілі ў ПКТ, на яго шыі і руках — шнары

Ігар Лосік / Svaboda.org
Ігар Лосік / Svaboda.org

Журналіста "Радыё Свабода" палітвязня Ігара Лосіка ўтрымліваюць у Наваполацкай калоніі ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ). Пра гэта стала вядома яго калегам. У камеру Лосіка перавялі са штрафнога ізалятара. На які тэрмін яго змясцілі ў ПКТ і што зрабілася прычынай узмацнення жорсткасці пакарання, калегам невядома.

Затое ім вядома, што Ігар Лосік па-ранейшаму не атрымлівае лістоў: ні ад бацькоў, ні ад жонкі Дар'і, якая адбывае пакаранне ў Гомельскай жаночай калоніі. Ён неаднаразова пісаў скаргі на тое, што яму не перадаюць лісты, а таксама на тое, што да яго не дапускаюць адваката.

Тым часам адвакатаў у Лосіка не засталося. Першы абаронца, баючыся рэпрэсій, быў вымушаны з'ехаць за мяжу. Другога пазбавілі ліцэнзіі. Трэцяга ў сакавіку затрымалі па адміністрацыйнай справе, і яго далейшы лёс дагэтуль невядомы. Чацвёрты ў пачатку траўня ў аднабаковым парадку скасаваў дамову з бацькамі Ігара. Калегі таксама кажуць, што на шыі і руках Лосіка засталіся шнары. У сакавіку ў ШІЗА ён парэзаў сябе. Паводле "Радыё Свабода", парэзы былі даволі глыбокія, іх зашывалі. Акрамя таго, калегам стала вядома, што Ігар нібыта прасіў сустрэчы з псіхолагам, але псіхолага да яго таксама не пусцілі.

Нагадаем, у снежні 2021 года журналіста Ігара Лосіка прысудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі. Яго абвінавачвалі ў "падрыхтоўцы да парушэння грамадскага парадку" і "падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках". За кратамі знаходзіцца і яго жонка Дар'я. Яе судзілі за інтэрв'ю медыя, якое беларускія ўлады лічаць "экстрэмісцкім".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі