Ігар Варашкевіч выйшаў сухім з вады.

Часам і людзей, не схільных да экстрэмальнага спорту, цягне паспытаць нейкіх незнаёмых і вострых адчуванняў. Вось і лідэр гурта “Крама” Ігар Варашкевіч, якога сябры ведаюць як вялікага аматара рыбалкі, днямі вярнуўся з вандроўкі на байдарцы па рэках Міншчыны. Асвойваў рэкі вядомы беларускі рокер разам са старшынёй беларускіх дызайнераў Дзмітрыем Сурскім і яго скотч-тэр’ерам Гучы. Еўрарадыё даведалася, з якімі ўражаннямі Ігар Варашкевіч вярнуўся.

Наколькі я ведаю, гэта быў твой першы “байдарачны” вопыт?

У мяне ёсць лодка, але па рэчцы я ніколі не сплаўляўся. Тым больш на байдарцы. Не асабліва ўяўляў, што гэта такое, і таму нерваваўся. Але высветлілася, што ўсё проста. Фізічна, канешне, даволі складана, але ўсё гэта кампенсуецца падчас сплаву.



І як ты вытрымаў фізічныя выпрабаванні?

На другі дзень балелі ўсе мышцы і рукі, але я спакойна даплыў, і на трэці дзень, калі мы ўжо з’язджалі, можна было, крыху адпачыўшы, плысці далей. Я думаў, што пасля буду некалькі дзён ляжаць дома скручаны, але не, усё нармальна.

Кажуць, што ў навічкоў не абыходзіцца, каб не перакуліць хоць раз сваю байдарку…

Не, нічога не было, нават прэцэдэнту. Але я думаю, што ёсць розныя байдаркі. Гэта была не спартовая, не для гонак. Гэта байдарка зборная, у яе багажны аддзел ёсць. Можна было, канешне, і перакуліцца, калі добра нахіліцца, але так можна вываліцца з любой, самай устойлівай лодкі.



Якія самыя яркія ўражанні ад вандроўкі?

Я не чакаў, што недалёка ад Мінску можна апынуцца ў месцах, дзе нікога няма. Мы праплылі, у прынцыпе, не шмат, таму, што рака вельмі пакручастая. Напрасткі гэтую адлегласць можна было прайсці даволі хутка, а мы плылі два дні. Рака ад самых вытокаў пастаянна мянялася, не было аднастайнага пейзажу. Яшчэ – пераадольванне розных перашкодаў, паваленых дрэваў.

Змяніліся меркаванні аб беларускай прыродзе?

Не. Я заўсёды быў фанатычна аддадзены беларускай прыродзе і ні на што яе не прамяняю. У беларускай прыродзе ёсць нешта такое, што мяне адсюль, уласна кажучы, і не адпускае, з гэтай тэрыторыі. Я больш прывязаны менавіта да беларускай прыроды.



Можна сказаць, што ты стаў заўзятым байдарачнікам?

У прынцыпе, так. Бо нічога складанага там няма. Адзінае што, рака можа быць больш складаная альбо простая. Улічваючы тое, што я чалавек даволі лянівы, спортам не займаюся, але паспяхова з усім справіўся, і таму не адмоўлюся, калі будзе прапанова ізноў пайсці ў такую вандроўку па рацэ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі