Вы тут

Ігар Стасевіч намякнуў, што сышоў з БАТЭ не па сваёй ініцыятыве

Ігар Стасевіч / instagram.com/istas22/

Ужо былы гулец ФК БАТЭ Ігар Стасевіч намякнуў, што сышоў з каманды не па сваёй ініцыятыве. "Пакідаю клуб са змяшанымі эмоцыямі і пачуццямі, мне здаецца я мог быць яшчэ карысны", піша ў Instagram экс-капітан барысаўчан.

Стасевічу 35 гадоў. Ён — ураджэнец Барысава. Выступаў за БАТЭ ў 2004-2010 гадах, у той час, калі каманда пад кіраўніцтвам Віктара Ганчарэнкі ўпершыню выйшла ў групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў. Далей ён пагуляў крыху ў Расіі (за "Волгу" з Ніжняга Ноўгарада) і вярнуўся ў Беларусь, паспяхова выступаў за "Гомель", мінскае "Дынама". Не дзіўна, што Ігара Стасевіча зноў паклікалі ў БАТЭ ў 2015-м. І ён стаў лідарам каманды. У 2019-м быў прызнаны найлепшым футбалістам Беларусі. Сезон 2020 года быў ужо не такім паспяховым для Стасевіча, а БАТЭ зноў не стаў чэмпіёнам краіны.
 
"Буду памятаць толькі добрае, — піша футбаліст. — Наперадзе новы выклік і новая матывацыя, у тым ліку дзякуючы веры ў мяне, як гульца, людзей якім я патрэбен для вырашэння высокіх спартыўных задач".

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Ігар Стасевіч можа стаць гульцом салігорскага "Шахцёра".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.