Ігар Логвінаў: Гэта праверка кнігарні — стандартная працэдура

Раніцай 3 снежня дзверы кнігарні “логвінаЎ” аказаліся апячатанымі падаткавікамі. Заснавальнік кнігарні і кнігавыдавец Ігар Логвінаў расказвае Еўрарадыё, што гэта не стала вялікай нечаканасцю для супрацоўнікаў.

Логвінаў: “Гэта стандартная парцэдура. Калі яны прыходзяць правяраць, каб там нічога не знікла, не змянілася. Сёння раніцай пачалася праверка. Яна быццам бы планавая (так называецца). Але праводзіцца на запыт Міністэрства інфармацыі... Гэта сумесная праверка падатковай інспекцыі Цэнтральнага раёна і Міністэрства па падатках і зборах. Мы не ведалі, што яна вось так сёння пачнецца, але вядома былі ў курсе, што некалі праверка будзе”.

Логвінаў пакуль не можа сказаць, як доўга працягнецца праверка і колькі дзён будзе зачыненая кнігарня. Звычайна падобныя працэдуры цягнуцца некалькі дзён. У падатковай інспекцыі, каментуючы апячатванне кнігарні, спасылаюцца на ўказ кіраўніка краіны № 510.

Гэта не першая нязручнасць, дастаўленая Ігару Логвінаву Міністэрствам інфармацыі. Год таму яго пазбавілі выдавецкай ліцэнзіі за выпуск фотаальбомаў Belarus Press Photo 2011.

Фота — nn.by, westki.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі