Вы тут

Былы міністр МЗС Краўчанка: На вялікі жаль, беларуская кніга ў заняпадзе

Фота Еўрарадыё

8 лютага ў сталічным выставачным павільёне “Белэкспа” распачынае працу 24-ы па ліку Міжнародны кніжны форум. Мы ж нацыя чытаючая? Вось і вырашаем схадзіць паглядзець, што нам прапануюць пачытаць сёлета.

Урачыстае адкрыццё прызначанае на 12 гадзінаў дня. Нягледзячы на мароз, у выставачны цэнтр прыходзіць даволі шмат людзей. Штопраўда, пераважна дзяцей-школьнікаў і пенсіянераў. Першыя больш цікавяцца магчымасцю атрымаць сцяжок краіны-ўдзельніцы выставы, другія вандруюць ад экспазіцыі да экспазіцыі, спыняючыся ля паліц з біяграфіямі вядомых дзеячаў.

Адкрываюць выставу прыехалі міністр інфармацыі Лілія Ананіч, першы намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Максім Рыжанкоў, міністр адукацыі Ігар Карпенка. Стандартныя словы пра культурнае супрацоўніцтва, пашырэнне кантактаў, сілу кніжнага слова і гэтак далей. Рыжанкоў зачытвае вітальнае слова кніжнаму форуму ад  кіраўніка Беларусі. Дарэчы, гэтыя словы вітання былі адзінымі, якія прагучалі па-беларуску падчас цырымоніі ўрачыстага адкрыцця.

Кніжная экспазіцыя даволі прадстаўнічая: каля 300 экспазіцый з 31 краіны свету. Працягнецца форум 4 дні, каля 200 розных мерапрыемстваў:  творчых сустрэч, канферэнцый, прэзентацый.

Беларускія ўдзельнікі падзеленыя на дзве часткі. У першай, размешчанай бліжэй да цэнтра залы, выстаўленая прадукцыя дзяржаўных выдавецтваў, у другой, на ўскрайку – незалежныя выдаўцы. Ці не пакрыўджаныя яны на такое размяшчэнне, цікаўлюся ля стэнда з друкаванай прадукцыяй часопіса ARCHE і ТАА “Гайсак” у Валерыя Булгакава.

“Маем тут маргінальную пазіцыю ― мы тут невялічкая часцінка, выспачка ў агульным моры. Але добра, што выдаўцы беларускія знаходзяць час, грошы і маюць самае галоўнае матывацыю, каб тут браць удзел. Бо мы прадстаўляем зробленае намі і разам гэта ― сотні выданняў”, ― кажа Булгакаў.

Нахвальваючы кніжны форум, міністр інфармацыі Лілія Ананіч звяртае ўвагу на дзяржаўную падтрымку.

“Дзяржаўная падтрымка ёсць і ў гэтым праекце. Бо гэты выдатны комплекс прадстаўляецца бязвыплатна для правядзення такой вось выдатнай выставы”, ― кажа міністр.

Незалежныя выдавецтвы, удзельнікі гэтай “выдатнай выставы”, дзяржаўнай падтрымкі не адчуваюць ― ім за выставачную плошчу даводзіцца плаціць. Па словах Валерыя Булгакава, сума не першы год аднолькавая.

“Мінімальная арэнда найменшага стэнду каштуе 200 еўра, а максімальнага, дазволенага прыватным выдаўцам ― 800 еўра. Дзіўна: сітуацыя эканамічная не паляпшаецца, а гэты цэннік, па-першае, фіксуецца ў еўра, а па-другое ― ён не змяншаецца. Што прыводзіць кожны год дробных выдаўцоў у хваляванне: ці варта інвеставаць і траціць немалыя грошы дзеля сустрэч з чытачамі?”

Цікавага на выставе досыць шмат. Пачынаючы ад друкарскага станка, на якім друкаваў свае кнігі 500 гадоў таму Францыск Скарына, да ўласна кажучы, кніг. Іх шмат і розных. Ад дзіцячых да біяграфічных. На розных мовах. Ёсць і цікавосткі. Да прыкладу, экспазіцыя аднаго з расійскіх выдавецтваў прапаноўвае нам за 5 рублёў набыць кнігу “Чья Белоруссия?”, а стэнд Азербайджана прапаноўвае кнігі пра Гейдара і Ільхама Аліевых… на беларускай мове.

Пераходзячы ад экспазіцыі да экспазіцыі, сустракаю былога міністра замежных спраў Беларусі Пятра Краўчанку. Цікаўлюся яго ўражаннямі ад сёлетняй выставы. Міністр адзначае высокую якасць беларускай паліграфіі і звяртае ўвагу на мову айчынных выданняў.

“На вялікі жаль, беларуская кніга ў заняпадзе.Вось выйшла некалькі кніг, прысвечаных юбілею Скарыны, але яны чамусьці друкуюцца на рускай мове. Для мяне гэта абсалютна не зразумела. Я лічу, ў нас як мінімум 50% кніг павінна друкавацца на беларускай мове”, ― кажа Краўчанка.

 Але на самой справе, кніг на беларускай мове дастаткова шмат. Прычым, часцяком сустракаеш іх на экспазіцыях іншых краін. Да прыкладу, палякі падрыхтавалі пераклады на беларускую мову кнігі шэрагу сваіх знаных аўтараў. Кнігі на беларускай мове можна знайсці на шведскай, чэшскай, нямецкай ды іншых экспазіцыях. У любым выпадку, раю паглядзець праграму кніжнага форуму. Там сапраўды заплана вельмі шмат цікавых сустрэч і мерапрыемстваў. Напрыклад, у суботу на выставе будзе Святлана Алексіевіч.

Фота Еўрарадыё