Вы тут

"Хутка-смачна" ўжо не будзе. Што кажуць эксперты пра наступствы разгрому НДА

Эксперты: Леў Львоўскі, Арцём Шрайбман і Максім Жбанкоў / Еўрарадыё​

"Я б сказаў, што менавіта цяпер наша грамадства канчаткова страчвае ілюзіі адносна "сацыяльна нацэленага палітычнага рэжыму", — каментуе разгром больш чым 50 НДА ў Беларусі культуролаг, крытык і публіцыст Максім Жбанкоў

"Закрыццё гэтых арганізацый, вядома ж, не паляпшае ні імідж нашай краіны, ні яе інвестыцыйную прывабнасць", — лічыць доктар эканамічных навук, эксперт таксама ліквідаванага праекта BEROC Леў Львоўскі.

"Тое, як доўга гэта будзе працягвацца, залежыць ад палітычнай сітуацыі ў краіне", — кажа палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман.   

У інтэрв'ю Еўрарадыё эксперты дзеляцца сваімі думкамі пра тое, што зменіцца ў Беларусі пасля ліквідацыі некамерцыйных грамадскіх арганізацый, існаванне якіх дапамагала ўладам падтрымліваць статус дэмакратычнай дзяржавы.

Максім Жбанкоў / Еўрарадыё

Новыя людзі для новай краіны

Максім Жбанкоў:

 — Трэба адразу адзначыць, што ўсе НДА ды іншыя незалежныя грамадскія ініцыятывы з’яўляліся менавіта таму, што ў розных сферах нашага жыцця існавалі рэчы, у якіх дзяржава дрэнна давала сабе рады або проста не бачыла, не лічыла іх істотнымі. 

Ясна, што цягам апошніх дзесяцігоддзаў наша грамадства паскорылася настолькі, што зрабілася дрэнна сумяшчальным з аўтарытарнай сістэмай палітычнай улады савецкага ўзору. Менавіта НДА і ўсе іншыя грамадзянскія ініцыятывы спрабавалі сітуацыю неяк выправіць, шукаючы адказы на тыя пытанні, на якія не адказваў рэжым. 

Адпаведна, калі з нашага ландшафту гэтыя ініціыятывы прыбіраюцца, застаюцца тыя самыя пытанні, якія ад дзяржавы адказу не атрымаюць. То бок той узровень сацыяльнай камфортнасці, грамадскага энтузіязму, адказнасці і самаарганізацыі, якія былі адметнымі рысамі ўсіх гэтых ініцыятыў, інстытуцый і гэтак далей, не знікне, бо немагчыма пазбавіцца праблемаў, якія застаюцца вострымі, істотнымі і трывожнымі для грамадства. З іншага боку, усе гэтыя НДА рабілі вельмі істотную рэч — яны гадавалі самастойных, ініцыятыўных, незалежных грамадзянаў. 

Што здарылася з гэтым грамадствам, калі НДА ліквідавалі? Яно нікуды не падзелася. Нават калі частка актывістаў існуе па-за межамі краіны, усё адно гэта новыя людзі для новай краіны. Таму, думаю, знойдуцца іншыя варыянты самаарганізацыі беларусаў, бо ўнутраная свабода і грамадская адказнасць — гэта рэчы, якіх пазбавіцца проста немагчыма. Будзе складана, але гэтыя новыя людзі з іх пошукамі адказаў на нязручныя для ўлады пытанні застануцца і неаднойчы пра сябе нагадаюць. Я думаю, гэта будучыня краіны. 

Фактычна, тое, што сістэма змагаецца з гэтымі структурамі, — абсалютна лагічна, бо ўлады абсалютна слушна бачаць у іх для сябе небяспеку. Паўстае паралельнае незалежнае грамадства. У нашай сітуацыі грамадская супольнасць — гэта тое, што дае сабе рады само. Гэта самаарганізацыя культурніцкага, адукацыйнага, сацыяльнага жыцця. Менавіта тое, што гэта можа адбывацца без дазволу сістэмы, дэкрэтаў і інструкцый, — галоўная небяспека для ўладаў. 

Гэта ўсё зразумела, але самае галоўнае, што альтэрнатывы няма. Атрымліваецца, што на нашую ўнутраную свабоду ёсць толькі адзін адказ — гвалт. А гэта неканструктыўна. Хто заўгодна скажа, што нічым добрым гэта не скончыцца, асабліва для тых, хто гэтыя рэсурсы выкарыстоўвае ў сваіх мэтах. Так можна тармазнуць грамадства, але зрабіць яго шчаслівым немагчыма, зрабіць лепшым — немагчыма, больш стабільным — таксама немагчыма. Таму гэта тупіковы варыянт.  

Нам жа трэба развітвацца з ідэаламі “хутка-смачна”. Перамены адбудуцца не тады, калі нам дазволяць, а калі мы пабудуем настолькі моцную самаарганізацыю, што ўжо не трэба будзе пытаць на яе ніякага дазволу — яна сама стане галоўнай. Цягам 10 гадоў яна рабілася істотнай, а цяпер будзе рабіцца галоўнай. 

Цяпер робіцца канчаткова відавочна, што ўладзе абсалютна да лямпачкі, што з намі адбываецца. І вось гэтае развітанне з апошнімі казкамі пра прыгожую ўладу — працэс абсалютна незваротны і абсалютна паказальны.

Так, бываюць вельмі цікавыя працэсы, якіх мы самі не разумеем — і тым больш не разумеюць тыя, хто спрабуе іх спыніць ці стрымаць. То бок я думаю, што фактычна цяпер будуецца новая краіна. У тым ліку, як бы парадаксальна гэта ні гучала, яна будуецца тымі, хто ідзе супраць яе. Энергія нязгоды, супраціву, нязломнага нонканфармізму — гэта моцная атака, і на яе адэкватнай “атветачкі” не атрымаецца. Чым больш нас закручваюць улады, тым слабейшымі яны робяцца.

Арцём Шрайбман / Еўрарадыё

Зачыстка працягнецца, але наступствы будуць абарачальнымі

Арцём Шрайбман:

— Відавочна, што дзейнасць НДА не спросціцца. Хутчэй за ўсё, многія з іх не змогуць нармальна здымаць офісы, распараджацца нейкімі сродкамі, аказваць людзям паслугі, якія аказвалі раней. Таму ўсе спажыўцы гэтых паслуг адпаведна пацерпяць. Асабліва гэта відаць на прыкладзе медыяплатформы "ИМЕНА", дзякуючы якой збіраліся сродкі на вырашэнне розных сацыяльных праблем. Тут страты відавочныя, як і ў іншых арганізацый, напрыклад валанцёрскіх, дзе так ці інакш ішла гаворка пра пераразмеркаванне фінансаў. 

У той жа час я думаю, што наяўнасць або адсутнасць рэгістрацыі нямоцна паўплывае на дзейнасць некаторых іншых арганізацый, тых жа БАЖ або Руху "За Свабоду". У астатнім абсалютна відавочна, што разгром грамадзянскай супольнасці працягваецца, і гэта толькі паглыбляе яму, з якой потым давядзецца выбірацца.

Як доўга гэта працягнецца, залежыць ад таго, у якой фазе будзе знаходзіцца ўлада, ці зможа яна дазволіць сабе нейкую чарговую разрадку альбо рэнесанс грамадзянскай супольнасці пачнецца ўжо пасля змены ўлады. Выразнага разумення тэрмінаў у мяне няма. Сёння ўсе стымулы для беларускай улады настроеныя так, каб працягваць зачыстку і працягваць "жасціць". Калі цана гэтай жэсці стане непад'ёмнай — пытанне адкрытае і, хутчэй, да эканамістаў, чым да палітолагаў.

На сёння ў Беларусі зачысцілі практычна ўсе экалагічныя структуры, знішчаная бізнес-школа і даследчы цэнтр ІПМ, BEROC ліквідаваўся сам. Што будзе з эканамічнай аналітыкай у краіне, падрыхтоўкай кадраў у менеджменце — гэта пытанне. 

Наступствы ліквідацыі НДА расцягнутыя ў часе. Калі мы ўявім, што гэтая ўлада стабілізуецца на дзесяцігоддзе, мы ўбачым наступствы пры ёй. Але мне здаецца, што так доўга гэты перыяд замарозак не працягнецца, таму глабальныя і сур'ёзныя яго праявы для грамадства абарачальныя.

Леў Львоўскі / Фэйсбук

Ліквідацыя НДА — "званочак" для інвестараў

Леў Львоўскі:

— Што ў першую чаргу цікавіць патэнцыйнага інвестара? Памер патэнцыйнага прыбытку і імавернасць яго атрымання — гэта значыць імавернасць таго, што па дарозе не ўзнікне падводных камянёў, правілы гульні не зменяцца і ніхто не паспрабуе гэты прыбытак у яго адабраць. Сітуацыя ў плане памеру патэнцыйнага прыбытку за год у Беларусі змянілася нямоцна, а вось што да  прадказальнасці і стабільнасці, тут справы, мякка кажучы, не вельмі.

Здавалася б, само па сабе закрыццё ўмоўнага клуба аматараў жывёл або таварыства адаптацыі інвалідаў ніяк не павінна ўплываць на рашэнне адкрыць у Мінску рэстаран або фабрыку па вытворчасці керамікі ў Баранавічах. Інвестару няма справы да інвалідаў і бяздомных сабак. Галоўнае, што ён бачыць для сябе, — гэта нестабільную сітуацыю з істэрычнымі рашэннямі, якія ўвасабляюцца без якіх-небудзь абмеркаванняў, стрымліванняў і проціваг.

Частка закрытых НДА якраз займалася тым, што рабіла Беларусь лепшай, больш празрыстай і зразумелай, у тым ліку для патэнцыйных інвестараў, частка проста займалася грамадска карыснымі справамі. Раней нейкаму інвестару магло падацца, што калі не чапаць палітыку і не думаць аб правах чалавека, то можна спакойна весці бізнес у Беларусі. 

Цяпер ён разумее, што тут праекты закрываюцца не толькі праз палітыку ці таму, што нехта  паквапіўся на ваш прыбытак, а яшчэ і проста так, таму што ваша прадпрыемства трапіла ў адзін спіс з аматарамі сабак або людзьмі, якія дапамагаюць моладзі знайсці свой шлях у жыцці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.