Хто здураваў больш: абітурыент ці камісія?

Ігара Варапанава выгналі з тэставання па біялогіі, таму што ён дастаў калькулятар.
29 чэрвеня прайшло апошняе цэнтралізаванае тэставанне на хіміі. Тым абітурыентам, хто не прайшоў “галоўныя іспыты”, дзверы ў ВНУ ўжо зачынены. Застаўся толькі рэзервовы дзень – 4 ліпеня. Але прадэманстраваць свае веды ў гэты дзень змогуць толькі тыя, хто не трапіў на тэсты з паважаных прычынаў.

Было і каля трох дзясяткаў абітурыентаў, якім указалі на дзверы проста падчас тэставання з-за парушэнняў правілаў праходжання тэсту.

На думку Еўрарадыё, самае скандальнае выдаленне за карыстанне калькулятарам на тэсце па біялогіі адбылося ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Дагэтуль незразумела, што падлічваў малады чалавек, але паплаціўся ён за гэта яшчэ адным годам нестудэнцтва. Таксама засталося незразумелым, чым кіраваліся тыя, хто выганяў хлопца.

Еўрарадыё звярнулася ў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў, каб дазнацца, ці правамоцным было гэтае выдаленне:

“Яго абгрунтавана выдалілі. Таму што на тэсціраванні менавіта па гэтым прадмеце акрамя бланку адказаў і ручкі з гелевым стрыжнем не павінна быць нічога. А калі ён прынес калькулятар, канешне, камісія такіх выдаляла. Гэта было абгрунтаванае і правамоцнае выдаленне”.

Вядома, такое выдаленне выглядае вельмі абсурдным, і з чалавечага пункту гледжання хлопца можна было зразумець. Як распавёў Яўген Даніла, які з’яўляецца адказным за правядзенне цэнтралізаванага тэставання ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, ён па-сапраўднаму шкадуе хлопца:

“Гэта, напэўна, адзін з самых непрыемных момантаў выдаленняў, якія адбыліся ў нашым універсітэце за ўвесь апошні час. Я нават не кажу, што за апошні год – за 2-3 гады! Чаму? Таму што бачна, што хлопец насамрэч нармальны, не аматар спісаць, і не з’яўляўся чалавекам, які прыйшоў нейкім чынам падмануць камісію. Але, на жаль, па ўласнай няўважлівсці ён стаў ахвярай асабістага глупства”.

Па словах Яўгена Данілы, выдалення патрабавалі правілы, і тут ніхто не мог пайсці на саступкі:

“Яго выдалілі па правілах. Хаця, можа быць яго віна была фармальнай. Ён парушыў правілы, гэтыя правілы адны для ўсіх. Калі б мы пачалі гэта аспрэчваць, знайшліся бы абітурыенты, якія прынеслі б калькулятар і карысталіся ім. Мы прытрымліваліся той канцэпцыі, якая закладзена ў законе, які нам першапачаткова прапанаваны Інстытутам кантролю ведаў”.

Нібыта ўсе ўсё разумеюць, а нічога зрабіць не могуць. Між тым, у Еўрарадыё атрымалася знайсці гэтага хлопца. Ім аказаўся Ігар Варапанаў з Бараўлян. З самім хлопцам у нас паразмаўляць так і не атрымалася. Але мы датэлефанаваліся ў бараўлянскую школу.

Там нам пацвердзілі, што Ігар Варапанаў вучыўся ў іх установе, але скончыў яе ўжо тры гады таму. Атрымліваецца, хлопец губляе яшчэ адзін год, а разам з тым – і жаданне. Як распавёў нам Яўген Даніла, ён паспрабаваў зрабіць усё, каб супакоіць Ігара:

“Псіхалагічна, па-чалавечы я яго разумею. Я яму сказаў, што калі ён насамрэч сапраўдны абітурыент, то знойдзе ў сабе сілы працягнуць спробы і на наступны год паступіць, проста трэба быць крыху больш уважлівым”.


Фота — www.tiga.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі