Хто з кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі самы багаты?

Сталі вядомыя афіцыйныя даходы кандыдатаў у прэзідэнты
Сталі вядомыя афіцыйныя даходы кандыдатаў у прэзідэнты

Газета Адміністрацыі прэзідэнта "СБ. Беларусь сегодня" 15 ліпеня апублікавала звесткі аб даходах і маёмасці кандыдатаў у прэзідэнты за 2019 год. Мы пастараліся выціснуць максімум цікавага з сухой інфармацыі аб даходах прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла.

Палітык без нерухомасці і аўтамабіля

Мяркуючы па дэкларацыі, дзейны беларускі кіраўнік жыве выключна на заработную плату. Сумарны заробак за 2019 год — 117 068 рублёў. Пасля адмовы ЦВК рэгістраваць кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу Аляксандр Лукашэнка стаў самым забяспечаным з удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі.

Зрэшты, за 26 гадоў прэзідэнцтва Лукашэнкі не назапасіў ніякай маёмасці. Ппрынамсі ў графе аб нерухомай маёмасці ні кватэр, ні зямельных участкаў няма. А асабістага аўтамабіля ў кіраўніка Беларусі няма настолькі, што ў яго дэкларацыі нават забылі зрабіць такі слупок.

Затое ёсць цікавая ўласнасць у жонкі Аляксандра Лукашэнкі. Галіна Радзівонаўна мае жылы дом плошчай 196 кв. м у Шклове і ½ долі ў праве ўласнасці на жылы дом у вёсцы Вялікі Межнік Шклоўскага раёна плошчай 54 кв. м., а частку яе сціплага даходу ў 5560 рублёў у год складаюць дывідэнды ад 56 акцый Шклоўскага масларобнага завода.

Дарэчы, за 2019 год дывідэнды, фактычна выплачаныя на адну акцыю, уключаючы падаткі, склалі 0,029718 рубля. У суме даход ад акцый, якія належаць галіне Лукашэнкі, склаў 1 рубель 66 капеек.

Пяць гадоў таму, калі Аляксандр Лукашэнка папярэдні раз падаваў дэкларацыю, Галіна Лукашэнка жыла ў больш сціплым доме ў Шклове — плошчай 115 кв. м, а з плошчай дома ў вёсцы Вялікі Межнік наогул адбылася незразумелая рэч: яна за пяць гадоў... павялічылася на 1 кв. м — з 53 да 54 кв. метраў.

Кто из кандидатов в президенты Беларуси самый богатый?
Звесткі аб даходах Аляксандра Лукашэнкі за 2014 і 2019 гады

8 тысяч у месяц і долі ў кампаніях

Сяргей Чэрачань падчас выбарчай кампаніі казаў пра сябе як пра паспяховага бізнесоўца, які зарабіў не адзін мільён долараў. Аднак яго афіцыйны даход за 2019 год склаў 96 тысяч рублёў. 8000 рублёў у месяц — не так ужо і шмат для доларавага мільянера.

Як і ў Лукашэнкі, у Чэрачня няма транспартных сродкаў і нерухомасці. З маёмасці — палова долі ў статутных фондах кампаній "С58 Тэхноладжыз", "Інфармацыйны спектр", "Інтэрнэйшнл Тэхноладжы Эдвайзерс".

Марыя Ходзіч, спадарожніца жыцця Сяргея Чэрачня, у дэкларацыі не ўказаная — пара не ў афіцыйным шлюбе. Таму даведацца, якая ёй належыць маёмасць, з "СБ. Беларусь сегодня" не атрымаецца.

Кто из кандидатов в президенты Беларуси самый богатый?
Фота Марыі Ходзіч з сацсетак / gazetaby.com

УАЗ, "Форд Мандэа" і ні слова пра 900 тысяч

Даход кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай за 2019 год склаў 15 784 рублі. У сярэднім па 1315 рублёў кожны месяц. Гэтыя сродкі — даходы па дамовах дарэння, дапамога на дзяцей, а таксама дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда. Ні нерухомасці, ні транспартных сродкаў за Святланай не лічыцца, ёсць толькі долі ў статутных фондах дзвюх кампаній па вытворчасці відэакантэнту — па 49% у кожнай.

Асноўны карміцель у сям'і — відэаблогер Сяргей Ціханоўскі. Яго афіцыйны гадавы даход — 75 016 рублёў, гэта ў сярэднім 6251 рубель у месяц. З нерухомасці пазначаныя кватэра плошчай 66 кв. м у Мінску і жылы дом плошчай 192 кв. м у вёсцы Агародня Добрушскага раёна. Гэта той самы дом, пасля праблем з купляй якога Ціханоўскі завёў Youtube-канал.

Першапачаткова гэтага дома ў дэкларацыі не было. Святлана не была ўпэўненая, чым скончыўся суд з яго нагоды, таму не ўказвала яго. ЦВК палічыў гэта істотным парушэннем, але ўвайшоў у становішча палітыка — бо муж, які займаўся домам, сядзіць у СІЗА, а дакументы на дом канфіскаваныя падчас ператруса. Ціханоўскую ўсё ж зарэістравалі.

Паўтара месяца таму сілавікі знайшлі на лецішчы ў маці Сяргея Ціханоўскага 900 тысяч долараў. Нягледзячы на гэта, у гаражы блогера стаяць аўто далёка не прэміум-класа: на Ціханоўскага запісаныя УАЗ-31514 і "Форд-Мандэа" 1994 года выпуску. Ці то "падпольны мільянер" добра маскіруецца, ці то... зрэшты, не будзем пра сумнае.

Кто из кандидатов в президенты Беларуси самый богатый?
УАЗ мадэлі 31514 / avtobak.net

Топ-менеджар аўстрыйскай кампаніі

Даход кандыдаткі ў прэзідэнты Ганны Канапацкай за 2019 год склаў 45 741 рубель. І гэта толькі зарплата — дэпутацкая і топ-менеджарская, бо ў канцы года Ганна стала прадстаўніком па краінах Усходняй Еўропы ў аўстрыйскай міжнароднай інвестыцыйна-тэхналагічнай кампаніі. 

Маёмасць Ганны — кватэра плошчай 84,7 кв. м у Мінску і "Рэндж Ровер" 2017 года. Таксама Ганне належыць 91 акцыя ААТ "Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў". Яшчэ частка акцый гэтага прадпрыемства — ва ўласнасці бацькі Ганны Канапацкай, прадпрымальніка Анатоля Трухановіча.

Кто из кандидатов в президенты Беларуси самый богатый?
Элеватар Пухавіцкага камбіната / kombicorm.by

Сціплы бацька вялікага сямейства

Кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў за 2019 год зарабіў 13 560 рублёў. Гэта каля 1137 рублёў у месяц — даволі сціпла для сем'яніна і бацькі траіх дзяцей.

Жонка палітыка Таццяна Дзмітрыева зарабіла за 2019 год больш, чым муж: 28 025 рублёў. Аўтамабіль "Нісан-Кашкай" 2016 года ў сям'і Дзмітрыевых належыць жонцы.

З жылплошчы ва ўласнасці ў пары — кватэра ў Мінску плошчай 49,8 кв. м. У цеснаце, але не ў крыўдзе!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі