Хто з беларускіх спартсменаў можа "стрэліць" падчас Гульняў у Сочы?

Чыноўнікі з Нацыянальнага алімпійскага камітэта не складалі канкрэтных медальных прагнозаў, але далі зразумець, што галоўныя надзеі ім мрояцца ў жаночым біятлоне. З гэтага лыжнага віду і пачнём.

У складзе беларускай зборнай выступае адна з самых хуткіх біятланістак свету ― Дар’я Домрачава. Толькі ў гэтым сезоне на этапах кубку свету яна заваёўвала 1-е і 2-у месцы ў гонках праследавання, 1-е і 3-е месцы ў спрынце, 2-е месца ў індывідуальнай гонцы на 15 км і 3-е ― у мас-старце. І гэта ― пладавіты багаж.

Спецыялісты выказваюць меркаванні, што Дар’я граматна падводзіцца да Алімпіяды, і можа яшчэ больш дадаць у фізічных кандыцыях.

Самая трапная біятланістка свету гэтага сезону Надзея Скардзіна сенсацыйна ўзяла 2-е месца ў гонцы праследавання на апошнім перадалімпійскім этапе Кубка свету. Ёсць меркаванні, што гэта таксама прыкмета яе пісьменнай падводкі пад Алімпіяду. Ёсць сігналы, што Надзея дадасць і ў хуткасці.

Нашы мужчыны-біятланісты і жаночая эстафетная каманда па вялікім рахунку не паказвалі ў гэтым сезоне выбітных вынікаў, каб ускладаць на іх медальныя спадзяванні. Таму любы поспех эстафетных каманд і мужчын паасобку можна расцэньваць як цудоўную неспадзяванку.

Фрыстайл

Наш легендарны лыжны акрабат Аляксей Грышын возьме ўдзел у пятай запар Алімпіядзе. Яго вяртанне пасля шматгадовай паўзы, пэўна, шакіравала многіх канкурэнтаў. Вярнуўшыся, у перадалімпійскім сезоне Грышын двойчы заваёўваў бронзу на этапах Кубка свету ― у Дзір-Вэлі і ў Лэйк-Плэсідзе.

Нагадаем, што Аляксей Грышын з’яўляецца чэмпіёнам планеты і залатым алімпійскім медалістам 2010-га года. Спартсмен вызначаецца цудоўнай псіхалагічнай устойлівасцю.

Яшчэ адзін таварыш Грышына па зборнай, Антон Кушнір, у дадзены момант ідзе трэцім у агульным заліку Кубка свету. У гэтым сезоне спартсмен ўзяў першае месца на этапе ў Дзір-Вэлі.

Дзмітрый Дашчынскі, яшчэ адна зорка беларускай зборнай, незадоўга да Гульняў у Сочы атрымаў траўму пляча. Праз гэта лыжны акрабат не паехаў на завяршальны збор у Фінляндыю. Аднак у Сочы Дашчынскі выступіць.

 

***

Любы медаль у іншых відах спорту на Алімпіядзе можна расцэньваць як гучную сенсацыю.

Лыжныя гонкі

Беларусы ў гэтым сезоне не займалі высокіх месцаў. Аднак лыжнікі годнага ўзроўню ў камандзе ёсць. Наш лідар, 40-гадовы Сяргей Далідовіч, падчас перадалімпійскага цыкла меў 4-е месца месца на Чэмпіянаце свету. Міхаіл Сямёнаў, яшчэ адзін моцны спартсмен, браў срэбра на мінулагодняй Універсіядзе (чэмпіянат свету сярод студэнтаў).

 

Шорт-трэк

Ад Беларусі ў гэтай маладой і траўманебяспечнай дысцыпліне канькабежнага спорту ўпершыню выступаюць два прадстаўнікі ― Вольга Талаева і Максім Сяргееў. І толькі на дыстанцыі 1500 метраў. Процістаяць кожнаму будзе па 35 найлепшых у свеце канкурэнтаў.

Беларусы прабіліся на Гульні дзякуючы таму, што пабілі нацыянальныя рэкорды і прабіліся ў чвэрцьфінал на адным з заліковых этапаў Кубка свету.

І гэта для беларускага шорт-трэку крок наперад. Патрабаваць ад нашых канькабежцаў медалёў у сённяшніх умовах несправядліва: з-за шматлікіх траўм і аперацый, нізкіх заробкаў і пры сціплай фармакалогіі. Застаецца пажадаць нашаму дэсанту ад шорт-трэка палепшыць свае папярэднія дасягненні.

Горныя лыжы

Гэта экзатычны від спорту для нашай краіны, а нашых гарналыжнікаў, даем зуб, мала хто з беларускіх заўзятараў ведае ў твар.

Вядома, што наша зямлячка Марыя Шканава заваёўвала бронзу на Універсіядзе мінулага года. А па выніках Чэмпіянату свету-2013 уваходзіла ў топ-30 найлепшы спартсменаў.

Гарналыжнік Юрый Данілачкін браў 19-е месца, што для беларуса даволі пачэсна.

Абодва нашы спартсмены маладыя, і пік іх формы павінен прыйсці праз гады. Калі не будзе сур’ёзных траўм.

***

Жадаем беларускім алімпійцам трываласці і пераможнага духу. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі