Хто ў бюджэце-2015 атрымае больш за іншых

Бюджэт складаецца з улікам прагназуемай агульнай сумы выдаткаў у 141 трыльён рублёў. Прынамсі, пакуль так у праекце. Выдаткі амаль у кожнай сферы, у параўнанні з мінулым годам, павялічыліся. Акрамя кіраўніцтва справамі прэзідэнта — тут падзенне фінансавання. Інфляцыя сёлета складае 15,5%, і гэта не канец. Аднак рост выдаткаў вагаецца ў залежнасці ад сферы. На культуру, напрыклад, толькі на 7,7%. То бок, хутчэй, зніжэнне фінансавання, чым рост. Правядзенне выбараў і рэферэндумаў будзе каштаваць ажно на 157% больш. Што зразумела, восенню 2015 у краіне выбары, на якія запланавана спусціць каля 240 мільярдаў. У “шакаладзе” і органы дзяржбяспекі. Тут рост выдаткаў на 22,4%, у СМІ і спорту менш — толькі 18,3 і 18,9% адпаведна.

Яшчэ адна прыкмета “выбарнага” бюджэту — выдаткі на сацыяльную сферу ў 2015 плануецца павялічыць ажно на… 49,9%! Як за кошт з’яўлення новай пазіцыі — “Дапамога сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей” — так і за кошт значнага павелічэння (ажно ў 4 разы) дапамогі ў забеспячэнні жыллём. І гэта нягледзячы на тое, што з 2012 года кіраўнік краіны перыядычна заяўляе, што ільгот на будаўніцтва больш не будзе.

А вось выдаткі на нацыянальную абарону ў бюджэце-2015 у параўнанні з мінулагоднім вырастуць нязначна — на 14%. Крыху больш за ўзровень інфляцыі.

Як вырастуць дзяржаўныя выдаткі ў 2015 годзе, табліца:

Галіна

Рост, %

Забеспячэнне правядзення выбараў і рэферэндумаў

157

Нацыянальная абарона

14

Органы ўнутраных спраў

17,5

Органы дзяржаўнай бяспекі

22,4

Сельская гаспадарка

19,5

Ахова здароўя

12,4

Спорт

18,3

Культура

7,7

Сродкі масавай інфармацыі

18,9

Адукацыя

16,5

Сацыяльная палітыка

49,9

 

Выдаткі на нацыянальную абарону ў 2015 складуць 5.74% ад агульных выдаткаў (у 2014 годзе было 5,54%). На дзяржаўную бяспеку — 0.85% (0,76), на органы унутраных спраў — 4.14% (3.87), на ахову здароўя — 4.57% (4.46).

Сацыяльная палітыка ў 2015 годзе “з’есць”10.4% ад агульных выдаткаў. Без “мацярынскага капіталу”, які і так ніхто пакуль не ўбачыць — 9.1%. Год таму было толькі 7.64%.

Што праўда, гэта ў ідэале. Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб кажа, што хоць бюджэт-2015 не вельмі моцна адрозніваецца ад ранейшых, аднак разлічаны на завышаны курс расійскага рубля і кошт нафты:

“У прынцыпе, ён не моцна адрозніваецца ад ранейшых. Але, што звяртае на сябе увагу, выглядае на тое, што гэты бюджэт разлічаны на курс расійскага рубля 43 за долар і кошт нафты — 80 долараў за барэль. Калі я не памыляюся”.

Аднак ужо сёння і курс рубля, і кошт нафты значна адрозніваюцца ад запланаванага. І не ў лепшы бок. Таму эксперт прадказвае праблемы з рэалізацыяй задуманага бюджэту. Маўляў, яго прыбытковая частка будзе зусім не такой, як запланавана. А таму застанецца альбо скарачаць выдаткі, альбо зноў браць пазыкі. У выбарчы год другі варыянт значна больш сімпатычны для ўладаў.

“Альбо зніжаць выдаткі, альбо шукаць крыніцы фінансавання бюджэтнага дэфіцыту. Што больш верагодна. Таму варта чакаць павелічэння унутранай пазыкі, размяшчэння каштоўных папер на ўнутраным рынку”, — гаворыць Вадзім Іосуб.

Праект бюджэту на 2015 год дэпутаты павінны прыняць да 19-га снежня, калі скончыцца сесія.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі