Хто прадае чаргу па візы ў польскае консульства?

Журналіст Еўрарадыё паспрабаваў даведацца, хто трымае “грамадскую чаргу” ў консульскі аддзел польскай амбасады ў Мінску, чаму трэба плаціць 10 тысяч, каб захаваць у ёй сваё месца, і колькі каштуе ператварыць два месяцы чакання ў адзін дзень. — “У цябе які нумар чаргі?” — адразу ж запытаў мужчына ў спартовай куртцы, калі я стаў у хвост натоўпу з 200 чалавек ля консульскага аддзела польскай амбасады, што на вуліцы Крапоткіна. — “Апошні, я толькі што прыйшоў”. — “Ну, калі толькі што, дык ідзі адсюль. Тут людзі па два месяцы стаяць, а тым, хто толькі прыйшоў, трэба ў чаргу да той чырвонай машыны”.

Каля Фольксвагена-Джэта чарга яшчэ большая. Нехта наперадзе мяне кажа, што яму ўжо надакучыла хадзіць на Крапоткіна і чакаць. Толькі праз гадзіну я разумею, што гэта была за чарга. Чарга за права стаць у чаргу за візай….

… Як тры тысячы дзевяцьсот восемдзесят сёмы? І калі я атрымаю візу? –

— Дзесьці праз месяц-другі, — “супакойвае” мяне гаспадар Джэты, малады хлопец.
Маё прозвішча і парадкавы нумар ён запісаў у сшытак нумар 3 на 53-й старонцы. Выдае мне паперку з гэтымі лічбамі. Ды папярэджвае, што два разы на тыдзень я мушу з’яўляцца да аўтамабіля, каб пацвярджаць сваю чаргу. Інакш яна будзе анулявана.

Гэта зусім, як па магнітафон у краму ў пачатку 90-х! Аднак, “хлопец у Фольксвагене” гаворыць, што я магу пакінуць 10 тысяч рублёў, каб мая чарга адзначалася аўтаматычна. І гэтая чарга не за візай, а каб толькі на падачу дакументаў. Супрацоўнікі консульства могуць адмовіць у візе, нягледзячы на складаны шлях да яе…

Запытваюся, а якая яму выгада, весці гэтыя сшыткі. Адказвае проста: “Магу трапіць з дакументамі ў візавы аддзел, калі мне гэта спатрэбіцца”. Запытваюся ў хлопца, ці магу я не чакаць два месяцы. Так, гэта магчыма, але мне прапануюць набыць месца нейкай бабулькі, якая сама ніколі ў Польшчу не ездзіла, але кожны дзень мае новую чаргу да запаветных дзвярэй візавага аддзелу…

У мяне няма жадання ні чакаць месяцы, каб толькі трапіць у консульства з дакументамі, ні плаціць 10 тысяч гэтаму ці то злачынцу, ці то грамадскаму актывісту, але нешта падказвае, што плаціць ўсё ж такі давядзецца.

Не благі бізнес. Уявіце, калі кожны з маёй чаргі, у якой прастойвае амаль 4 тысячы чалавек, заплаціць хлопцу па 10 тысяч рублёў, дык гэта атрымаецца амаль што 2 тысячы долараў. Разам з тым “грамадскі актывіст” можа сам аднесці дакументы на візу калі трэба – чарга ж уся яго.

Сталая жанчына наперадзе мяне расказвае, што да аўтамабіля яна ходзіць ужо два месяцы і разлічвае трапіць на прыём у консульства сёння-заўтра. Студэнт Канстанцін — у чарзе “яшчэ” паўтара месяца.

Канстанцін
: “Не магу падаць дакументы. Занадта шмат людзей жадаюць атрымаць візу. Трэба стаяць у дзвюх чэргах. Мне яшчэ далёка да перамогі...”

Чарга каля польскага консульства ў Мінску была заўсёды. Гэта тлумачаць тым, што дыпмісія абслугоўвае адразу чатыры рэгіёны краіны. Як сведчаць тыя, хто звяртаецца сюды па візу не першы раз, колькасць жадаючых трапіць у Польшчу рэзка павялічылася адразу ж пасля таго, як стаў вядомы намер суседзяў уступіць у Шэнген. Ажыятаж не паменшыўся нават, калі на месяц было адтэрмінавана ўвядзенне віз па 60 еўра.

У польскай амбасадзе нічога пра чаргу ў 4 тысячы беларусаў, жадаючых атрымаць візы, не ведаюць. Фармальна так і ёсць — з акна консульства відаць як на уваходзе стаіць 200 чалавек. Прэс-сакратар польскай дыпмісіі ў Мінску Моніка Садкоўская паведаміла Еўрарадыё, што консульства выдае візы цягам пяці дзён, і што ніякай чаргі няма.

Моніка Садкоўская: “Гэта чарга грамадская, і мы не маем нічога агульнага з ёй. Яе прыдумалі тыя, хто ў ёй стаіць”.

Прэс-сакратар паведаміла, што за дзень консульства выдае ад 250 да 300 віз. Таксама яна распавяла, што польскі бок не збіраецца уводзіць сістэму рэгістрацыі суіскальнікаў візы праз інтэрнэт.

Моніка Садкоўская
: “Я ведаю, што так робяць у некаторых консульствах Мінска. Гэта, безумоўна, пытанне будучага”.

У аддзеле унутраных спраў Цэнтральнага раёна сталіцы, пра “альтэрнатыўную” чаргу па візу пачулі ад Еўрарадыё.

Дзяжурны РАУС: “Калі вам падалося, што адбываецца правапарушэнне, варта звярнуцца да міліцыянта, які дзяжурыць па консульстве. Там знаходзіцца дзяжурны дэпартамента “Ахова”. Ён павінен прыняць меры”.

Цяпер зразумела, чаму мінчукі ўсё часцей звяртаюцца за польскай візай ў Брэст, дзе чаргі няма. Кіраўнік візавай службы консульства ў Брэсце Ежы Зімны зазначыў, што кожны, хто прыходзіць, каб запісацца на прыём дасягае сваёй мэты без дапамогі “карумпіраванай” грамадскасці.

…Еўрарадыё працягне адсочваць сітуацыі з атрыманнем польскай візы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі