Хто каго пазбягае: Пуцін Лукашэнку альбо наадварот?

У гэтым годзе Пуцін і Лукашэнка не сустракаліся ні разу. Хаця ў першыя чатыры гады прэзідэнцтва Пуціна такіх сустрэчаў было ажно 28 — па адной у два месяцы.
На мінулым тыдні на сайце інфармацыйнага агенцтва Прайм-ТАСС з'явілася інфармацыя пра тое, што 22 жніўня прэзідэнт Лукашэнка і прэзідэнт Пуцін павінны сустэцца ў Сочы. Пра гэта, па словах Прайм-ТАСС, паведаміла крыніца ў дыпламатычных колах Расіі. Аднак у прэс-службе прэзідэнта Расіі гэты факт не ацвярджаюць дагэтуль.

Між іншым, прэзідэнты не могуць сустрэцца ажно з мінулага года. І хутчэй за ўсё не сустрэнуцца.

Так думае і былы галоўны рэдактар БДГ Пётр Марцаў:

“Я, шчыра кажучы, не вельмі разуме таго, адкуль узялася гэтая інфармацыя, што сустрэчы павінна адбыцца. Чаму яна павінна адбыцца, таксама не разумею”.

Сам Лукашэнка таксама ў гэтым сэнсе настроены рашуча. Падчас наведвання газеты «Советская Белоруссия» Аляксандр Лукашэнка заявіў: “Апошні візіт прэм’ер-міністра Беларусі ў Расію – гэта было прыніжэнне! Я сказаў, каб болей туды не ездзілі. Мне таксама намякалі, што трэба паехаць у Крэмль і ўстаць на калена. Я не паеду і на калена не ўстану”.

Некаторыя СМІ тлумачылі такое разыходжанне ў словах Лукашэнкі і Прайм-ТАСС тым, што, маўляў, у Маскве вырашылі адпомсціць беларускаму прэзідэнту і ў чарговы раз паказалі, што нягледзячы на красамоўныя заявы Лукашэнкі, нікуды ён ад Крамля не дзенецца. І, незважаючы на сваю ганарлівасць, прыбяжыць альбо нават на каленях прыпаўзе ў Маскву.

Дырэктар Інстытута краін СНД Канстанцін Затулін спадзяецца, што сустрэча паміж прэзідэнтамі ўсё ж адбудзецца, але пазней. Тлумачыць ён гэта наступным:

“Асабісты кантакт паміж Пуціным і Лукашэнкам наўрад ці можна лічыць паспяховым. І ў гэтай сітуацыі яны не знаходзяць нічога лепшага, як увогуле не даваць нагоды для абмеркавання складанасцяў у сваіх адносінах і не сустракацца.

Але сустрэча запатрабаваная, і лепш, калі яна пройдзе з максімальнай аддачай і эфектам, а для гэтага яна павінна быць старанна падрыхтаваная. У працэсе падрыхтоўкі трэба паспрабаваць зняць усялякія нечаканасці, недарэчныя ў адносінах паміж дзвюма сяброўскімі краінамі ды яшчэ ў такі крытычны перыяд”.

Тэндэнцыя ж сустрэчаў кіраўнікоў дзяржаў апошнім часам прасочваецца даволі яскрава. Калі ў першы год прэзідэнцтва Уладзіміра Пуціна прэзідэнты Беларусі і Расіі сустракаліся ажно 8 разоў, то ў 2004 – толькі чатыры. А сёлета дык увогуле ні разу. Нагадаем, што апошні раз прэзідэнты ў фармаце “адзін на адзін” бачыляся 15 снежня 2006 года.

Дык хто ўсё ж такі вінаваты ў такой халоднасці паміж кіраўнікамі дзяржаў? Хто каго пазбягае – Пуцін Лукашэнку альбо Лукашэнка Пуціна?

Каментуе Пётр Марцаў:

“У гэтай сітуацыі, магчыма, Пуцін пазбягае прэзідэнта Лукашэнку. Але я не думаю, што і Лукашэнка моцна дамагаецца сустрэчаў, прынамсі да нядаўняга часу не дамагаўся.

Цямер, магчыма, сітуацыя іншая. Магчыма, ён бы хацеў гэтай сустрэчы, але я не думаю, што прэзідэнтам ёсць пра што размаўляць. Ва ўсялякім выпадку цяпер, летам”.

Такога ж меркавання прытрымліваецца і Канстанцін Затулін, але выказваецца вельмі асцярожна:

“Я б не хацеў тут гадаць, урэшце дакладна пра гэта ведаюць толькі людзі, якія непасрэдна арганізоўваюць візіт. Але я так разумею, што ў гэтым выпадку прэзідэнт Расіі не спяшаецца сустракацца з Александрам Лукашэнкам”.

Ці можна ў гэтым выпадку лічыць узаемаадносіны паміж кіраўнікамі дзяржаў лакмусавай паперкай, якая паказвае на тое, што штосьці не зусім добрае адбываецца паміж самімі краінамі? Працягвае Пётр Марцаў:

“Безумоўна асабістыя сустрэчы прэзідэнтаў уплываюць на ўзаемаадносіны краінаў. У гісторыі гэтаму ёсць шмат прыкладаў. Калі вярнуцца да нашага выпадку і гаварыць пра ўзаемаадносіны презідэнта Пуціна з прэзідэнтам Лукашэнкам, то зразумела, што яны не вельмі добрыя.

Прычына гэтаму, у прынцыпе, усім вядомая. Праект саюзнай дзяржавы, да якога ішлі абодва прэзідэнты, не атрымоўваецца, пакуль не атрымаўся, нават яго этапы не атрымаліся – ні “Белтрансгаз”, ні адзіная валюта і шмат чаго іншага.

Цяпер не стаіць такой задачы — высветліць, хто з іх вінаваты, але відавочна, што адносіны не вельмі добрыя. Звязана гэта, у першую чаргу, з невыкананнем абавязкаў, якія давалі адзін аднаму прэзідэнты”.

Цікава, што сітуацыя, падобная на сёлетнюю, адбывалася і ў 2004 годзе. 23 жніўня 2004 года Уладзімір Пуцін сустракаўся ў Сочы з Аляксандрам Лукашэнкам. Менавіта на гэтую дату Прайм-ТАСС, а пасля і іншыя СМІ прарочылі сустрэчу прэзідэнтаў сёлета.

Цікава, што праблемы на той сустрэчы абмяркоўваліся амаль такія ж, якія стаяць цяпер на парадку дня. “Па сутнасці, ніякіх праблемаў у нас сёння не засталося”, сказаў Пуцін пасля сустрэчы прэзідэнтаў у 2004 годзе. “Адзіная складанасць, якая засталася, – гэта пытанне энергетыкі”.

“Хоча Пуцін, каб мы плацілі гэтыя грошы, давайце будзем збіраць з лекаў, чарнобыльцаў, з тых, хто ў акопах гніў, - яны ў нас, ці бачыце, багатыя. Няўжо мы не назбіраем гэтыя 200 мільёнаў долараў? Збярэм, і нас перастануць шантажаваць”, так казаў Лукашэнка ў 2004-ым.

Дык вось, аказваецца, хто аплочвае газ. Нагадаем, што Закон “Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах…”, у якім чарнобыльцам і ветэранам на самой справе адмяняюць ільготы, уступае ў сілу з наступнага года.

Заўтра чытайце на сайце, калі і з якой нагоды сустракаліся Пуцін і Лукашэнка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі