Вы тут

Хто і навошта заклікае дыяспары заблакаваць крэдыт МВФ для Беларусі?

Ці дастануцца Беларусі грошы на аднаўленне пасля пандэміі? / pixabay

Навошта ўгаворваць дыяспары блакаваць крэдыт МВФ і ці пашыраць ЗША санкцыі ў дачыненні да Беларусі? Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё разважаў арт-дырэктар Беларускага Свабоднага тэатра, праграмны дырэктар Creative Politics Hub Мікалай Халезін.

Цяпер ён разам са Святланай Ціханоўскай знаходзіцца з рабочым візітам у Вашынгтоне. Халезін мяркуе, што гэты візіт паскорыць і пашырыць новыя санкцыі супраць Беларусі.

— Мы і так перадавалі ўсю інфармацыю ЗША, але цяпер гэта было зроблена больш шырока. Мы перадалі інфармацыю не толькі ў афіцыйныя структуры, але і тым уплывовым гульцам і палітычным дзеячам, якія маюць сур'ёзную вагу ў ЗША. Спадзяюся, гэтае рашэнне [пра санкцыі. — Еўрарадыё] будзе прынятае ў самыя кароткія тэрміны. Цяпер ЗША разумеюць, што наступны ўдар павінен быць дастаткова сур'ёзным, каб Лукашэнка не змог ад яго акрыяць.

 

Навошта блакаваць крэдыт МВФ на аднаўленне ад пандэміі?

Міжнародны валютны фонд размяркуе паміж краінамі рэсурс у 650 млрд долараў, каб спрыяць аднаўленню эканомік пасля пандэміі. Гэта найбуйнейшая эмісія ў гісторыі МВФ, пісаў Telegraph. Для пераадолення найбуйнейшага крызісу з часоў Вялікай дэпрэсіі.

У выглядзе крэдытаў з нізкай працэнтнай стаўкай гэтыя грошы будуць размеркаваныя паміж краінамі, якія ўваходзяць у структуру. Грошы могуць размеркаваць ужо да канца жніўня.

Беларусь з'яўляецца чальцом МВФ з 1992 года. За гэты час яна атрымала ад фонду падтрымку на суму 3,8 млрд долараў і ўсе атрыманыя крэдыты гасіла своечасова.

На новы транш Беларусь таксама можа разлічваць.

— Доля Беларусі склала 0,14 адсотка. Гэта, вядома, мізэрная доля, але гаворка ідзе прыкладна пра 930 мільёнаў долараў, — кажа ў эфіры Еўрарадыё Халезін.

Працэдура атрымання грошай простая: дзяржаве выдаецца купон, які яна можа абмяняць у любы час альбо на валюту, альбо на золата.

— Наша задача — зрабіць так, каб гэтыя грошы, нават калі купон выдадуць ураду, не былі атрыманыя. Дыяспары мусяць паўплываць на свае ўрады і запатрабаваць ад іх напісаць ноту ў МВФ. Расходаванне гэтых сродкаў мусіць быць замарожанае. Іх варта пакінуць за дзяржавай, але замарозіць іх расходаванне з прычыны незразумелай палітычнай сітуацыі. Вось на гэта нам трэба падштурхнуць усе дзяржавы, — лічыць Халезін.

Ці варта чакаць візіту Ціханоўскай у Расію?

Халезін не бачыць перспектыў арганізаваць сустрэчу Ціханоўскай з расійскім кіраўніцтвам. Тым не менш магчымасць даведацца пра пазіцыю афіцыйнай Масквы ён палічыў бы карыснай.

— Мы не разумеем расстаноўку сілаў у расійскім кіраўніцтве. Калі б гаворка ішла пра нейкую форму перамоваў на нейтральнай тэрыторыі з людзьмі, упаўнаважанымі расійскай уладай да перамоваў, пра гэта варта было б казаць. Варта было б як мінімум даведацца іх пазіцыю. Даведацца, ці можа пратэст бяспечна ўзаемадзейнічаць з Расіяй.

Поўнае інтэрв'ю Мікалая Халезіна на Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.