Хроніка начных затрыманняў. Хто такія Лазоўскі, Яўдаха і Дундукоў

Хроніка начных затрыманняў. Хто такія Лазоўскі, Яўдаха і Дундукоў

Удзень 21 сакавіка Аляксандр Лукашэнка распавёў, што беларускія спецслужбы разграмілі лагер для падрыхтоўкі баевікоў, што знаходзіўся ў лесе паміж Асіповічамі і Бабруйскам. Па словах кіраўніка дзяржавы, затрыманыя дзясяткі чалавек. Навіна стала сапраўднай бомбай... і сапраўдным сюрпрызам: ні ў КДБ, ні ў МУС, ні ў Пракуратуры яе дагэтуль не каментуюць.

Ужо ўвечары ў Мінску пачаліся арышты, на першы погляд, не звязаныя паміж сабой. Першым затрымалі Міраслава Лазоўскага — колішняга кіраўніка арганізацыі "Белы легіён". У 2000-я "легіянеры" згарнулі сваю дзейнасць, сёння Лазоўскі займаецца бізнесам у сферы кнігавыдавецтва.

Па словах сяброўкі Лазоўскага Ніны Шыдлоўскай, сувязь з ім перарвалася прыкладна а 19-й 21 сакавіка, калі ён з'ехаў з офіса. Затрыманне адбылося ў цэнтры Мінска, у раёне вуліцы Маякоўскага. Верагодна, Лазоўскага збілі, бо каля 20:00 яго прывезлі дадому для правядзення ператрусу, ён быў скрываўлены і ў кайданках.

"Белы легіён" — спартова-патрыятычная арганізацыя, якая падпольна працавала ў Беларусі ў 1990-я. Ён быў заснаваны на базе моладзевага крыла ДРАБ (Дружыны рэгіянальнай аховы і бяспекі) ліквідаванага ўладамі Беларускага згуртавання вайскоўцаў. У 1996-1999 гадах у "Белым Легіёне" было прыкладна 200 чалавек. "Легіянеры" ўдзельнічалі ва ўсіх буйных акцыях апазіцыі канца 1990-х. Але пасля 1999 года арганізацыя, фактычна, спыніла сваю дзейнасць. Частка сяброў БЛ сышла ў бізнес, іншыя былі заўважаныя ў ахове апазіцыйных лідараў. Апошняя згадка пра "Белы Легіён" з'явіліся ў 2008 годзе, калі былых кіраўнікоў арганізацыі Ігара Корсака, Міраслава Лазоўскага і Сержука Чыслава затрымалі па справе выбуху 3-га ліпеня 2008 года. У хуткім часе іх вызвалілі з пад варты.

Наступнае затрыманне таксама адбылося ў цэнтры Мінска. На выхадзе з прасторы "ЦЭХ", дзе адбывалася ўручэнне літаратурнай прэміі "Дэбют", невядомыя скруцілі і кінулі ў бус гандляра кнігамі Алеся Яўдаху. Гэта адбылося прыкладна а 22-й.

Усю ноч у кватэры Яўдахі адбываўся ператрус. Па інфармацыі Еўрарадыё, сярод таго, на што звярнулі ўвагу сілавікі, ёсць карты БССР і Мінскай вобласці, кніга па тактыцы вядзення бою, пэўная колькасць грошай у рублях, доларах і еўра, сувенірныя фанацкія налепкі і нашыўкі батальёнаў, што ваююць ва Украіне. Кнігагандляра абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.

Алесь Яўдаха — вядомы беларускі кнігараспаўсюднік, заснавальнік сайта "Кнігі поштай". Яўдаха спецыялізаваўся на распаўсюджванні беларускамоўнай літаратуры, што не вельмі падабалася ўладам. У 2011 годзе гандляр быў затрыманы і абвінавачаны ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. У ліпені 2012 года яго пакаралі годам "хатняй хіміі" і абавязалі вярнуць дзяржаве $6,5 тыс. Яўдаха застаўся працаваць у кніжным бізнэсе.

Раніцай стала вядома пра трэцяе затрыманне. За кратамі апынуўся Андрэй Дундукоў. У мінулым ён таксама быў сябрам "Белага легіёна". Але то ў мінулым. А апошнім часам Дундукоў працаваў у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях. "Ён быў затрыманы ўначы на мяжы з Украінай. Ехаў у адпачынак з жонкай, малым дзіцём і сябрам. Сябра таксама затрыманы, машына канфіскаваная. Жонка з дзіцём вярталіся дадому на перакладных, і прыкладна а 6-й раніцы яны былі ў Мінску", — распавяла Еўрарадыё Ніна Шыдлоўская.

Што азначаюць начныя затрыманні?

Палітолаг Андрэй Паротнікаў лічыць, што пасля заяваў Аляксандра Лукашэнкі беларускія сілавікі трапілі ў сітуацыю, калі ўмовы трэба падганяць пад вынік. “Калі вынік абвешчаны, што затрыманыя дзясяткі баевікоў, недзе ж трэба гэтых баевікоў узяць. І таму сістэма запрацавала. Яны паднялі свае ўліковыя базы дадзеных і паглядзелі на людзей, якія там значацца, як, умоўна кажучы, схільныя да экстрэмісцкіх ці сілавых дзеянняў — вось і ўсё. І я думаю, што гэта не апошнія затрыманні”, мяркуе Паротнікаў.

Па непацверджанай пакуль інфармацыі, уночы на 22 сакавіка затрыманы яшчэ адзін “легіёнавец”, які працуе ў сілавых структурах. Еўрарадыё сочыць за развіццём падзей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі