Паротнікаў: Мэта затрыманняў — стварыць пацверджанне словам Лукашэнкі

Паротнікаў: Мэта затрыманняў — стварыць пацверджанне словам Лукашэнкі

Улады напалоханыя пратэстнай актыўнасцю людзей і асцерагаюцца, што яна можа пайсці па непрадбачаным сцэнары. Затрыманнямі актывістаў сілавікі спрабуюць запалохаць людзей і збіць хвалю пратэстнай актыўнасці. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. Паводле яго слоў, заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка пра затрыманне дзясяткаў баевікоў са зброяй наўпрост звязаныя з затрыманнямі, якія пачаліся ў той жа дзень.

“Гэта класічная сітуацыя, калі ўмовы і задачы падганяюцца пад вынік. Калі вынік абвешчаны, што затрыманыя дзясяткі баевікоў, недзе ж трэба гэтых баевікоў узяць. І таму сістэма запрацавала. Яны паднялі свае ўліковыя базы дадзеных і паглядзелі на людзей, якія там значацца як, умоўна кажучы, схільныя да экстрэмісцкіх ці сілавых дзеянняў — вось і ўсё. І я думаю, што гэта не апошнія затрыманні”, — кажа Паротнікаў.

Нагадаем, што увечары 21 сакавіка ў Мінску былі затрыманыя кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха і адзін з былых кіраўнікоў "Белага легіёну" Міраслаў Лазоўскі. Па інфармацыі Еўрарадыё, Алеся Яўдаху абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Таксама ўначы затрымалі Андрэя Дундукова. Пра прычыны затрымання пакуль нічога невядома. Дундукоў у мінулым быў актывістам дэмакратычнага руху. Пра яго таксама вядома як пра аматара экстрэмальнага турызму з досведам скачкоў з парашутам, страйкболу.

Суразмоўца Еўрарадыё нагадвае, што беларуская ўлада даўно вызначылася з тымі, хто на сёння з’яўляецца яе “галоўным ворагам”: гэта анархісты, футбольныя фанаты і актыўныя ў мінулым удзельнікі розных парамілітарных фармаванняў. Паротнікаў не выключае, што “прыйдуць не толькі па “Белы легіён”, але і па тое ж РНЕ”.

Па словах эксперта, на самай справе перад сілавікамі не стаіць задача “павесіць” на затрыманых “арганізацыю масавых беспарадкаў”.

“Задача стаіць стварыць прапагандысцкае абгрунтаванне словам Лукашэнкі, каб яны не выглядалі відавочнымі фантазіямі. А праз тыдзень ці два гэтага чалавека могуць проста вызваліць і ўсё”, — кажа Паротнікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі