Вы тут

Хочаш стварыць НКА ў Беларусі — плаці!

Фота з "Фэйсбука" Вольгі Смалянка

3 снежня ў Бруселі прайшла прэзентацыя рэгіянальнага агляду па сітуацыі са становішчам арганізацый грамадзянскай супольнасці ў 6 краінах "Усходняга партнёрства". Рыхтавалі агляд эксперты з Беларусі, Украіны, Малдовы, Грузіі, Арменіі і Азербайджана. Як вынікае з агляду, у Беларусі самая складаная сітуацыя з некамерцыйнымі арганізацыямі.

У аглядзе адзначаецца, што ў Беларусі з шасці краін "Усходняга партнёрства" найбольш складаны доступ да фінансавання. Наша краіна адзіная, дзе няма дакументаў з прапісанай схемай супрацы і ўзаемадзеяння НКА і дзяржавы. А пошліна на рэгістрацыю ў Беларусі рэспубліканскага ці міжнароднага грамадскага аб'яднання альбо фонду найвялікшая — 10 базавых велічынь (амаль 135 еўра).

Сярод пазітыву адзначаецца тое, што ў Беларусі ў параўнанні з некаторымі іншымі краінамі не абцяжарана прыцягненне валанцёраў да дзейнасці НКА.

Як вынік, у Беларусі, паводле афіцыйнай статыстыкі, найменшая колькасць НКА ў параўнанні з іншымі краінамі "Усходняга партнёрства". Так, у Арменіі на 2,95 мільёна насельніцтва 5508 НКА, у Азербайджане на 9,94 мільёна — 4350 НКА, у Беларусі 3114 НКА — фондаў і грамадскіх аб'яднанняў.

Падсумоўваючы вынікі агляду, эксперты прадставілі 273 рэкамендацыі па паляпшэнні становішча з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці ў краінах "Усходняга партнёрства". З іх больш за ўсё тычацца Беларусі — 72 рэкамендацыі.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.