Хлопчыку, якому праз ДЦП забаранілі футбол, падарылі паездку на Суперкубак УЕФА

Хлопчыку, якому праз ДЦП забаранілі футбол, падарылі паездку на Суперкубак УЕФА

У 10-гадовага Кліма Севярынцава з Бабруйска ёсць мара: займацца ў футбольнай секцыі. Ён і займаўся, але аднойчы (гэта было амаль два гады таму) трэнер папрасіў прынесці даведку з паліклінікі. А ўчастковы тэрапеўт даведку не дала: у Кліма дзіцячы цэрэбральны параліч II ступені. І, хоць ён і выглядае як звычайны дзесяцігадовы хлопчык, па беларускіх законах яму нельга займацца спортам.

Яшчэ адна мара Кліма ― сустрэцца з Крышціяну Раналду. Хлопчык распавядае, што балее за бабруйскую "Белшыну" і часта сам ходзіць на стадыён, каб падтрымаць каманду. Але і матчы мадрыдскага "Рэала" не прапускае ― глядзіць па тэлевізары. На жаль, тэлевізар ― гэта ўсё, што застаецца маленькаму футбольнаму фанату.

Пра тое, як бацькі Кліма шукаюць шляхі, каб не пазбаўляць сына мары аб спартыўнай кар'еры, зусім нядаўна напісаў часопіс "Імёны". Да таго былі рэпартажы па тэлебачанні, бо хлопчык на сваю рызыку і пад адказнасць трэнера пайшоў у секцыю па плаванні і ўжо прывёз са спаборніцтваў два залатыя медалі.

Хлопчыку, якому праз ДЦП забаранілі футбол, падарылі паездку на Суперкубак УЕФА

А Еўрарадыё расказала пра незвычайнага падлетка супрацоўнікам Беларускай федэрацыі футбола. І адбыўся цуд! У АБФФ для Кліма знайшлі квіткі на Суперкубак УЕФА ― галоўны матч клубнага сезона ў Еўропе, у якім "Манчэстар Юнайтэд" згуляе з "Рэалам"!

"Мы адразу ўспомнілі, што ў гэтым годзе ў Суперкубку гуляе мадрыдскі "Рэал", за які Клім балее. Усё склалася. Склалі план і пачалі ажыццяўляць задуманае, ― распавядае спецыяліст па працы з заўзятарамі АБФФ Ігар Бяльковіч. ― Вырашальнае слова, натуральна, было за кіраўніцтвам Асацыяцыі. Але тут не ўзнікла ніякіх складанасцяў: дабро было атрыманае імгненна".

“Калі мне патэлефанавалі з Федэрацыі і распавялі, што Клім можа паехаць на футбол у Македонію, я не стрымалася і заплакала ад шчасця!” ― распавядае Марына Зіноўская, мама Кліма.

Хлопчыку, якому праз ДЦП забаранілі футбол, падарылі паездку на Суперкубак УЕФА
Нацыянальны стадыён імя Філіпа II Македонскага ў Скоп'і. Фота: stadiums.at.ua

Спачатку хлопчыку не казалі, які сюрпрыз для яго рыхтуюць. "Мама сказала: паедзем афармляць дакументы. А я ў яе пытаюся: "Навошта?" ― "Паедзем у Македонію". Я спачатку і не зразумеў, што мы едзем на футбол, думаў, проста так. Але потым мама сказала: "Ты ляціш туды на тры дні, і на другі дзень будзе матч. Але я не плакаў! Проста сказаў: "Класна!".

Клім не можа растлумачыць, чаму яго кумірам стаў Крышціяну Раналду, а не, скажам, Ліянэль Месі з "Барселоны". Гэтак жа і дарослыя фанаты не могуць успомніць, калі і чаму сталі балець за свой клуб. "Маленькі Раналду" з Бабруйска кажа, што ён ужо зусім дарослы ― гатовы і ў самалёце ляцець, і жыць далёка ад дома, і глядзець футбол побач з тысячамі заўзятараў.

"Асобна хочацца падзякаваць "Турэцкім авіялініям" за пакрыццё большай часткі выдаткаў на пералёт. Усе астатнія выдаткі Асацыяцыя ўзяла на сябе, ― працягвае Ігар Бяльковіч. ― У Скоп'і Клім будзе жыць у чатырохзоркавым гатэлі ў кіламетры ад стадыёна. Мы спецыяльна шукалі варыянт, каб і да стадыёна было недалёка, і да цэнтра горада блізка. Квіткі на стадыён у нас звычайныя, але месцы досыць добрыя, блізка да цэнтра. Наступны дзень пасля матчу хлопчык правядзе ў Скоп'і".

На Суперкубак УЕФА Клім паедзе са старэйшай сястрой Яўгеніяй. Мама не можа пакінуць сям'ю, у якой акрамя Жэні і Кліма растуць двое хлопчыкаў-блізнят. Цяпер ім па пяць гадоў, але Клім упэўнены: браты будуць гуляць у футбол.

Хлопчыку, якому праз ДЦП забаранілі футбол, падарылі паездку на Суперкубак УЕФА
Клім з мячом і ў басейне. Фота з архіву сям'і Зіноўскіх.

"У мяне, на самай справе, дзве мары. Першая ― пазнаёміцца з Крышціяну Раналду. Другая ― каб мне дазволілі займацца футболам, ― кажа хлопчык. ― Другая мара нашмат важнейшая".

Але лекары дазваляюць Кліму займацца футболам толькі па індывідуальнай праграме. "Ён вельмі моцна нерваваўся і нават плакаў, ― успамінае Марына Зіноўская. ― Але потым сябар дапамог нам трапіць у басейн, і з намі пачаў займацца Радзівон Пятровіч [Сініцын. ― Еўрарадыё]. Так мы выйшлі на "рэспубліку". Нам жа і на плаванне даведку не давалі. Але я прыйшла і кажу: "Ну, паглядзіце ж, дзіця заняло два першыя месцы. Нам без спорту ніяк, нам ён вельмі патрэбны". І лекар зразумела нас, і ўвайшла ў становішча".

Кліму вельмі падабаецца плаваць у басейне. Але хлопчык марыць пра футбол. 8-га жніўня адна яго мара спраўдзіцца, і ён убачыць "Рэал" у супрацьстаянні з "Манчэстар Юнайтэд" пад кіраўніцтвам Жазэ Маўрынью. На жаль, сам Крышціяну Раналду ўзяў адпачынак і ў гэтым матчы не згуляе.

Калі збудзецца другая мара? У Беларусі існуе доўгі, на 26 старонак, спіс захворванняў, якія не дазваляюць хадзіць у спартыўныя секцыі. Не маюць права займацца спортам людзі з парушэннямі зроку і слыху; тыя, хто пакутуе на шызафрэнію, хваробы печані; аўтызм; ВІЧ-інфікаваныя і нават проста тыя, у каго адсутнічаюць пяць і больш зубоў.

Ёсць у гэтым спісе і цэрэбральны параліч, з-за якога Кліму Севярынцаву забаранілі хадзіць у футбольную секцыю. Спорт зачынены для тысяч дзяцей. Пакінем пытанне пра тое, што, трэніруючыся, падлеткі з інваліднасцю з часам маглі б стаць паралімпійцамі і выйграваць медалі ў складзе зборнай Беларусі. Значна важней тое, што заканадаўчымі абмежаваннямі падкрэсліваецца адрозненне паміж "хворымі" і "нармальнымі" людзьмі, якое ў сучасным грамадстве прынята згладжваць. І ў магчымасці рэалізаваць сябе суровы закон адмаўляе тым, хто ў ёй больш за ўсё мае патрэбу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі