ХК "Дынама-Мінск": Рэбрэндынг адмяняецца, на лагатыпе застаецца "зубрык"
![ХК "Дынама-Мінск": Рэбрэндынг адмяняецца, на лагатыпе застаецца "зубрык"](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/img_9995.jpg.webp?itok=Vltvl90i)
Хакейны клуб "Дынама-Мінск" прызнаўся, што ўчорашняя заява пра змену лагатыпа была першакрасавіцкім жартам. Заяўлялася, што яго распрацавала "студыя Арцемія Лебедзева". Замест выявы зубра на лагатыпе з'явілася літара "Д". Нямала СМІ паверылі ў "новы клубны стыль" дынамаўцаў (нават дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА). А вось Еўрарадыё падазравала, што насамрэч гэтая навіна "можа апынуцца жартам". Так і сталася. Высветлілася, што аўтарам жарту з'яўляецца дызайнер Ілья Шэлег.
Такім чынам мінскае "Дынама" застаецца з "зубрыкам". Да новага сезону ў клубе будуць змены, але яны не закрануць звыклы лагатып клуба. Дарэчы, меркаванні заўзятараў падзяліся. У сацсетках больш за 70% выказаліся за "зубрыка" і толькі 26-28% падтрымалі "новаўвядзенне".
![ХК "Дынама-Мінск": Рэбрэндынг адмяняецца, на лагатыпе застаецца "зубрык"](/sites/default/files/paragraphs/image/dinamo-slovan34600.jpg)