“Харчовы рэйтынг”: Нідэрланды — краіна з лепшай ежай у свеце

Міжнародная арганізацыя Oxfam International размеркавала 125 краін паводле узроўню харчавання. Ацэньвалася, ці дастаткова прадуктаў увогуле, ці могуць іх сабе дазволіць людзі, якасць ежы, а таксама ступень непажаданых наступстваў у выніку харчавання. Першая месца, у рэйтынгу, нечакана для некаторых, занялі Нідэрланды.

“Нідэрланды стварылі добры рынак, які дазваляе людзям атрымаць дастаткова ежы. Кошты з’яўляюцца адносна нізкімі і стабільнымі, а харчаванне людзей — збалансаваным. Нідэрланды маюць падставы выглядаць лепш, чым іншыя краіны свету”, — каментуе вынікі рэйтынга старэйшы навуковы супрацоўнік Oxfam Дэбора Хардун.

Вось Вялікабрытанія, дарэчы, не трапіла ў першую дзясятку (13 месца) акурат з-за няўстойлівых коштаў. Увогуле ж, у топ-10, у асноўным, уваходзяць еўрапейскія краіны, да якіх далучылася Аўстралія (8 месца).

У французскім выданні The Local спачатку здзівіліся, чаму іх краіна не першая, а толькі другая разам са Швейцарыяй. Пасля ж узгадалі непрыемныя трэнды, пад уплывам якіх французаў ужо складана назваць гурманамі.

The Local: “Узнікаюць сумневы, ці сапраўды французы падтрымліваюць любоў да здаровай і збалансаванай дыеты, бо раней паведамлялася, што продажы фаст-фуда ў Францыі апярэдзілі продажы традыцыйных страваў у рэстаранах”.

Цікава, што французская кухня стала першай у свеце, якая трапіла ў спіс спадчыны ЮНЭСКА. Нядаўна ў гэты ж спіс была дададзена і японская кухня, але ў рэйтынгу Oxfam Японія не трапляе нават у дваццатку — 21 месца.

Беларусь жа заняла 57 месца — горш, чым усе нашы суседзі: Літва — 51, Латвія — 30, Расія — 44, Украіна — 33 (Польшча ў рэйтынгу не прадстаўленая).

У той час сумная статыстыка з даследавання сцвярджае, што каля 840 мільёнаў чалавек галадаюць штодня — прыкладна кожны восьмы жыхар планеты.

“Рэйтынг дастаткова выразна паказвае, што нягледзячы на тое, што ў свеце дастаткова харчоў, мы па-ранейшаму не ў стане пракарміць усіх. Калі б мы мелі больш раўнамернае размеркаванне багаццяў і рэсурсаў, у прыватнасці, прадуктаў, гэта не было б праблемай”, — заўважае Дэбора Хардун.

Каб пастарацца ўсё ж накарміць усіх, Oxfam раіць вытворцам інвеставаць у сельскую гаспадарку ў краінах, якія развіваюцца, заклікаць урады вырашыць праблему з залішняй вагой і разабрацца з харчовымі спекуляцыямі.

Фота: oddanchatramvegetablemarket.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі