Хакеісты мінскага "Дынама" перамаглі "Віцязь" — 4:3

Хакеісты мінскага "Дынама" перамаглі па булітах "Віцязь" — 4:3 (2:0, 1:2, 0:1, 0:0, 1:0). Матч, які 7 лютага прайшоў на "Мінск-Арэне", быў прынцыповы — расійская каманда прэтэндуе на 6-е месца ў Заходняй канферэнцыі, якое займаюць дынамаўцы (а яны, як вядома, датэрмінова патрапілі ў плэй-оф, цяпер важна, з якога месца).

Першы перыяд упэўнена выйгралі мінчукі, шайбы закінулі ў большасці Аляксандр Кулакоў (10-я хвіліна) і Роб Клінкхамер (20-я). Аднак у другім перыядзе ў гаспадароў пляцоўкі пачаліся шматлікія выдаленні. Спачатку Яўген Лісавец атрымаў 5+20 і госці адыгралі адну шайбу. Пасля ў дынамаўцаў аказаўся лішні гулец на пляцоўцы, выдаленне і 2:2. Дзякуючы шайбе, закінутай Іллёй Шынкевічам на 39-й хвіліне, "Дынама" зноў выйшла наперад.

У самым пачатку 3-га перыяду "Віцязь" зраўняў лік, зноў у большасці. У далейшым было шмат выдаленняў, але ніхто не мог вызначыцца. Справа дайшла да авертайма, а пасля і да булітаў. Надзейна згуляў Бен Скрывенс, а рашаючы буліт на рахунку Аарона Палушая. Відэа галоў гл. тут.

У мінскага "Дынама" стала 100 ачкоў пасля 57 матчаў, у "Віцязя" — 93.

У аўторак, 14 лютага, мінчукі згуляюць на сваёй пляцоўцы з "Ладай", пачатак у 19.30.