Хакеісты мінскага “Дынама” атрымалі феерычную перамогу над “Ак-Барсам”

Хакеісты мінскага “Дынама” атрымалі феерычную перамогу над “Ак-Барсам”

Хакеісты мінскага “Дынама” 26 верасня выйгралі на выездзе ў казанскага “Ак-Барса” ў чарговым матчы чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Перад пачаткам гульні букмекеры больш верылі ў перамогу гаспадароў, а на вікторыю мінчан давалі вышэйшыя каэфіцыенты. Першы перыяд быў даволі прадказальным — 2:1 на карысць “барсаў”, у другой дваццаціхвілінцы казанская каманда павялічыла перавагу — 3:1.

Але ў трэцім перыядзе, у самым яго канцы адбылося нешта феерычнае: “зубры” скарысталіся колькаснай перавагай і цягам усяго дзвюх хвілінаў закінулі ажно тры шайбы і такім чынам вырваліся наперад. Гаспадары пляцоўкі разгубіліся і на апошняй хвіліне ўзялі тайм-аўт — і адразу пасля яго атрымалі яшчэ адну шайбу ад “Дынама”. Такім чынам, лік матчу стаў 3:5 і мінчане атрымалі сваю перамогу.

Галамі ў “зуброў” адзначыліся Аляксандр Мацярухін (дубль), Артур Гаўрус, Мэт Элісан і Роб Клінкхамер.

Бліжэйшыя матчы “Дынама” правядзе 28 верасня (у Тальяці, з мясцовай “Ладай”), 30 верасня (з ніжнекамскім “Нафтахімікам", у гасцях) і 4 кастрычніка (дома, з яраслаўскім “Лакаматывам”).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі