Вы тут

Гурэнка прапанаваў адправіць у расійскі чэмпіянат каманду "Беларусь"

Сяргей Гурэнка / dinamo-minsk.by

Галоўны трэнер мінскага "Дынама" Сяргей Гурэнка ў інтэрв'ю "Матч ТВ" прапанаваў стварыць новую каманду "Беларусь" і адправіць яе ў расійскі футбольны чэмпіянат. Ён лічыць, што яна была б там канкурэнтаздольная. Гурэнка — адзін з нямногіх беларускіх футбольных спецыялістаў, якія падтрымліваюць ініцыятыву пра допуск у расійскі чэмпіянат клубаў з краін СНД. Ён лічыць, што гэта толькі паспрыяла б папулярызацыі футбола.

"Калі еўракубкавы "Зеніт" прыязджаў, у Мінску сабраўся поўны стадыён, — кажа галоўны трэнер мінскіх дынамаўцаў. — І на "Спартак" збярэцца, і на "Лакаматыў" з ЦСКА. Кожны матч пры аншлагу — ці гэта кепска? Клубы з Уэльса ўдзельнічаюць у чэмпіянаце Англіі і задаволены. Таму не бачу мінусаў. Асабліва калі сабраць прыстойны склад з найлепшых беларускіх гульцоў і ўзмацніцца якаснымі легіянерамі".