Гумовая карцеч і іншае: чым страляюць у пратэстоўцаў беларускія сілавікі

Спецназ з баявой зброяй на вуліцах Мінска 10 жніўня / TUT.BY
Спецназ з баявой зброяй на вуліцах Мінска 10 жніўня / TUT.BY

Пасля разгону Маршу супраць тэрору ў раёне Мінскай кальцавой пратэстоўцы знайшлі неадстраляны патрон 12 калібру для гладкаствольнай стрэльбы. Магчыма, яго страціў адзін з сілавікоў. Унутры — дробная гумовая карцеч.

Резиновая картечь и прочее: чем стреляют в протестующих белорусские силовики
Гумовая карцеч, якой страляюць па пратэстоўцах у Беларусі / Еўрарадыё

Хутчэй за ўсё, гэта патроны "Терен-12П" украінскага вытворцы "Эколаг". Цытата ад вытворцы: "Іх прымяненне дазваляе часова душыць псіхавалявую ўстойлівасць нападніка без прычынення яму цяжкіх цялесных пашкоджанняў".

Такія патроны ўжываліся 2 лістапада ў раёне вуліцы Мірашнічэнкі, пра што можна меркаваць па раненнях аднаго з пратэстоўцаў.

Еўрарадыё вырашыла разабрацца, чым жа сілавікі страляюць у пратэстоўцаў.

Нелятальная зброя

Да 9 жніўня тэрмін "гумовая куля" гучаў як нешта непрыемнае, але не моцна небяспечнае. Афіцыйна такія патроны называюцца "нелятальнай зброяй".

Папраўдзе "гумовыя кулі" не заўсёды робяцца з гумы. Яны бываюць з пластыку, дрэва, ацверджанай пены, са шчыльнай гумы. Без металічнага асяродка або з ім.

Неўзабаве пасля першых стрэлаў у бок пратэстоўцаў стала зразумела, што выраз "нелятальная зброя" ў адносінах да такіх патронаў — нацяжка. Сапраўды, калі прытрымлівацца інструкцый, яны траўмуюць чалавека, могуць пакінуць гематомы і лёгкія траўмы, але не калечаць і не забіваюць. Аднак калі стралец не прытрымліваецца інструкцыі па далёкасці, а куля трапіць у галаву ці ў жывот — нелятальная зброя можа стаць лятальнай.

Гумовая карцеч

Карцеч адрозніваецца ад кулі колькасцю паражальных элементаў у патроне. У кулі адзін такі элемент, а ў карцечы іх некалькі, але меншага памеру. Карцеч дазваляе накрыць стрэлам вялікую плошчу і паразіць некалькі цэляў.

Ужываць гумовую карцеч супраць пратэстоўцаў пачалі адразу ўночы з 9 на 10 жніўня. Фотаздымкі выкарыстаных гільзаў людзі пачалі дасылаць ужо на наступны дзень.

Першыя знойдзеныя гільзы былі ад патронаў "Барьер" расійскага вытворцы AZOT. Унутры два вялікія гумовыя шарыкі.

Резиновая картечь и прочее: чем стреляют в протестующих белорусские силовики
Выкарыстаны патрон з гумовай куляй / ТUT.BY

Пазней знаходзілі і гільзы ад расійскай гумовай карцечы маркі Record ад Красназаводскага хімічнага завода.

Резиновая картечь и прочее: чем стреляют в протестующих белорусские силовики
Гумовая карцеч і апераная гумовая куля / TUT.BY

Гумовая куля з апярэннем

Ёсць два тыпы гумовых куль. Адліваныя гумовыя кулі — звычайна ў форме шарыка або цыліндра, бяспечныя на блізкіх дыстанцыях, але могуць зрыкашэціць. І гумовыя кулі з цвёрдым асяродкам. У параўнанні з папярэднім тыпам куль — вылучаюцца большай дакладнасцю і павялічаным спыняльным дзеяннем, бо маса і інэрцыя такой кулі большыя. У той жа час гэты боепрыпас вылучаецца больш высокім прабіўным дзеяннем. А значыць, ён больш небяспечны.

Сярод розных гумовых снарадаў, якімі стралялі па беларускіх пратэстоўцах, былі заўважаныя і аранжавыя апераныя гумовыя кулі, якія вонкава нагадваюць маленькія мінамётныя снарады.

Резиновая картечь и прочее: чем стреляют в протестующих белорусские силовики
Апераная гумовая куля і гумовая карцеч / Белсат

Мяркуючы па спецыфічнай форме і колеры — гэта куля ад турэцкага патрона Sterling. Патроны 12-га калібру для гладкаствольнай зброі. Апярэнне дазваляе страляць больш дакладна. Паводле звестак вытворцы, эфектыўная далёкасць прымянення 15–35 метраў. Аднак на адлегласці менш за 10 метраў гэта куля можа пакалечыць або забіць чалавека.

Резиновая картечь и прочее: чем стреляют в протестующих белорусские силовики
Гумовыя кулі Sterling, якія выкарыстоўваюць для задушэння пратэставых акцый у Беларусі

Іншая апераная куля была знойдзена 11 жніўня. У яе іншая форма і колер. Магчыма, гэта гумовая куля "Терен-12П" украінскага вытворцы "Эколаг". Эфектыўная далёкасць прымянення такіх патронаў — ад 20 да 35 метраў.

Резиновая картечь и прочее: чем стреляют в протестующих белорусские силовики
Гумовая куля "Терен-12П", якую выкарыстоўваюць беларускія сілавікі для стральбы па пратэстоўцах / Радыё Свабода

Ударна-шокавы снарад для ручнога гранатамёта

Сярод знойдзеных куль і пустых гільзаў асобна вылучаюцца снарады для ручнога гранатамёта ГМ-94.

Резиновая картечь и прочее: чем стреляют в протестующих белорусские силовики
Арсенал рэшткаў спецсродкаў, якія беларускія сілавікі ўжываюць супраць пратэстоўцаў / Белсат

Такія гранатамёты бачылі ў сілавікоў у першыя пратэставыя дні жніўня і на ўзбраенні спецназа падчас нядзельных маршаў.

Гэта ўдарна-шокавы стрэл з эластычным паражальным элементам ВГМ 93.600. Прызначаны для фізічнай нейтралізацыі жывой сілы з мінімальнай шкодай здароўю. Мінімальная далёкасць стральбы — 30 метраў. Лічыцца суровай класікай сярод нелятальнай зброі: у выпадку неабходнасці такой гранатай можна цяжка параніць чалавека.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі