Гулак: Як будуць карыстацца базай з дадзенымі “дармаедаў”, вялікае пытанне

Гулак: Як будуць карыстацца базай з дадзенымі “дармаедаў”, вялікае пытанне

Абноўлены варыянт “антыдармаедскага дэкрэта” падпісаў Аляксандр Лукашэнка 25 студзеня. Сярод іншага, там вызначана, што персанальныя звесткі пра ўсіх “працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы”, будуць сабраныя ў адмысловую базу. І фармавацца гэтая база будзе без пісьмовай згоды чалавека на выкарыстанне яго персанальных звестак.

Па словах кіраўніка Беларускага Хельсінскага камітэта Алега Гулака, чыноўнікі сапраўды могуць фармаваць гэтую базу без нашай на тое пісьмовай згоды. Але гэта не азначае, заўважае праваабаронца, што да той базы няма ніякіх пытанняў.

Алег Гулак: “Не на ўсё патрэбная такая згода. Да прыкладу, вашы персанальныя дадзеныя захоўваюцца ў пашпартнай сістэме, і на гэта ніхто згоды не дае. Альбо дадзеныя парушальнікаў збіраюцца без аніякай згоды. У дзяржаве шмат сістэм, якія базуюцца на персанальных дадзеных і іх захоўванні. Тут іншае пытанне: як яны будуць захоўвацца, як будзе забяспечвацца правільнасць таго, як туды людзі трапляюць, і хто гэтым карыстаецца? Калі арыентавацца на тое, што гэтым людзям трэба дапамагаць ― гэта адно. А калі тут сістэма “як з людзей спагнаць” ― гэта другое. І як гэтая сістэма будзе адміністравацца ― гэта вялікае пытанне”.

Нагадаем, першапачатковы варыянт “антыдармаедскага дэкрэта” выклікаў вялікую незадаволенасць у грамадстве і прывёў да шматлікіх акцый пратэсту па ўсёй Беларусі. У выніку, дзеянне дэкрэта №3 было прыпыненае, а сам дэкрэт быў накіраваны на “дапрацоўку”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі