Вы тут

ГУБАЗіК разграміў кватэру Вадзіма Пракоп'ева

Кватэра Вадзіма Пракоп'ева

Супрацоўнікі ГУБАЗіК разграмілі мінскую кватэру экс-рэстаратара Вадзіма Пракоп'ева і апублікавалі відэа ў сваім Тэлеграм-канале.

Сілавікі пабілі шыбы ў кватэры, загадзілі ўнітаз, паламалі мэблю, адарвалі выцяжку.

У каментары аднаму з беларускіх выданняў Пракоп'еў расказаў, што пасля свайго ад'езду з Беларусі хацеў прадаць кватэру. "Але на гэта дзеянне ў кадастры наклалі забарону, бо я, паводле іх версіі, "тэрарыст", — дзеліцца ён падрабязнасцямі. 

У жніўні 2021-га кватэру, па словах Пракоп'ева, разграмілі супрацоўнікі КДБ. Ён праз інтэрнэт наняў будаўнікоў, каб адрамантаваць і здаць у арэнду памяшканне. Але яшчэ да канца рамонту кватэру разграмілі яшчэ раз. 

"Рабочым заявілі, што ўласнік — тэрарыст. Рабілі ўсё ў лепшых традыцыях гэтых "джэнтльменаў" — не змылі за сабой у прыбіральні", — кажа экс-рэстаратар. 

Вадзім Пракоп'еў з'ехаў з Беларусі яшчэ да выбараў 2020-га. Цяпер ён займаецца арганізацыяй ва Украіне ўзброенага фармавання беларусаў (полк "Пагоня") у шэрагах украінскага замежнага легіёна. 

Раней ГУБАЗіК хваліўся, як разграміў пустую кватэру Яніны Сазановіч — рэдактаркі ТГ-канала "Каратели Беларуси" і ютуб-канала "Дзікае паляванне".

Кватэра Вадзіма Пракоп'ева

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.