Гродна і Беларусь выставяць на аукцыён

У Гродне збіраюцца выставіць на аукцыён адразу два шматпавярховых гатэлі.
Гатэлю “Гродна” Міністэрства па надзвычайных сітуацыях адмовілася працягнуць ліцэнзію, абавязковую для будынкаў з масавым знаходжаннем людзей. Ён пабудаваны 25 гадоў таму і разлічаны на 500 чалавек.

Галоўная заўвага – састарэлая пажарная сігналізацыя. Але гатэль ужо даўно амаль не выкарыстоўваецца паводле прызначэння. Для прыезжых адведзены ўсяго 3 паверхі з 16. На астатніх зрабілі інтэрнат для студэнтаў, медыкаў абласной бальніцы і супрацоўнікаў аблвыканкама. Усіх выселяць толькі 1 ліпеня. Цікава, што стала жывучы ў гатэлі, яны не маглі атрымаць прапіску. Прыбытку “Гродна” не прыносіў.

Другі кандыдат на аукцыён – гатэль “Беларусь” у цэнтры горада разлічаны на 242 месцы. Будынку 40 гадоў. З сямі паверхаў у ім за апошнія гады цалкам адрамантавалі два і адзін – часткова. З’явіліся палепшаныя, больш прасторныя пакоі. З двух рабілі адзін. У 2008 годзе “Беларусь” спрацавала з прыбыткам.

Абодва гатэлі належаць УП “Гродзенская гатэльная гаспадарка”. Хутчэй за ўсё, прадпрыемства збіраюцца ліквідаваць. Акрамя двух гатэляў яно валодае некалькімі аўтастаянкамі, якія таксама плануюць прадаць на аукцыёне.

Такім чынам, у Гродне застанецца толькі два дзяржаўных гатэлі: “Турыст” (належыць абласной федэрацыі прафсаюзаў) і “Амега” (знаходзіцца на балансе аблвыканкама).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі