Графітыст: "Мы спачатку мылі сцены, а пасля размалёўвалі іх"

120814 SjargejS.mp3

Еўрарадыё: Адкуль прыйшла такая ідэя – размалёўваць пейзажамі сцены будынкаў?

Сяргей: Апошнія два будынкі – гэта былі помнікі архітэктуры ў вельмі благім стане. Вось мы і прыдумалі, размаляваць тарцы будынкаў пейзажамі нашага горада – так бы мовіць, аздобіць наш горад яшчэ двума пейзажамі. Наша студыя займаецца не толькі графіці, але размалёўвае таксама пано пэндзлямі, аэрографамі і г. д. Мы ўвесь час хацелі дабрацца да вялікіх плошчаў, каб заваяваць нашу Беларусь вялікімі пейзажамі.

Еўрарадыё: А як чыноўнікі адрэагавалі?

Сяргей: Гэтыя будынкі былі ў такім кепскім стане, што нам трэба было доўга мыць сцены. Яны выглядалі абы-як. Тады мы прыйшлі з прапановай ў адміністрацыю і там пагадзіліся. Яны будуць лепей выглядаць. Мы не парушаем архітэктуры будынку, бо малюем мы не на фасадзе.

Еўрарадыё: Але, пагадзіцеся, помнік архітэктуры павінен адлюстроўваць нейкі “дух эпохі”. А што ён адлюстроўвае цяпер?

Сяргей: Цяпер гэтыя будынкі не рэстаўруюць. Ды і пафарбаваныя яны былі ў  нейкі незразумелы колер. Фарба ў нас акрылавая: калі яна пратрымаецца да рэстаўрацыі будынкаў, то і так яе можна будзе ачысціць. Мы не парушаем структуру будынка, мы проста яго размалёўваем. Гэта не псуе, а аздабляе будынак.

Еўрарадыё: Вы не думалі пра тое, каб рабіць графіці на хрушчоўках?

Сяргей: Мы будзем рабіць, і рабілі ўжо: і на хрушчоўках, і на новых будынках, якія проста зашпакляваныя.

Еўрарадыё: А як вы выбіраеце тэму? Ці трэба гэта ўзгадняць з чыноўнікамі?

Сяргей: Да нас часта звяртаюцца калгасы, саўгасы… Яны самі нам прапаноўваюць тэматыку: напрыклад, што ім патрэбная тэматыка прыроды… Гэта калі не браць да ўвагі сцены будынкаў. А вялікія аб’ёмы – 300-400 м. кв., закінутыя платы – там мы малюем прыроду. Калі казаць пра будынкі – мы прапаноўваем на выбар варыянтаў 5-7. Яны абіраюць, што найлепей пасуе да архітэктуры будынку. Тым больш, што малюнак гэты часовы. Калі будынак будуць рэстаўраваць – яго, хутчэй за ўсё, перафарбуюць.

Еўрарадыё: Ці звяртаецеся вы па парады да “Таварыства аховы помнікаў?”

Сяргей: Кожны будынак мае свайго навуковага супрацоўніка – мы звяртаемся да іх. Яны ведаюць, у якім стане будынак: што яго перапланоўваюць, што там дах працякае, што нешта з імі адбываецца. Мы малявалі на будынках, якія знаходзяцца ў стане заняпаду. Мы паказалі, што ён хоць неяк існуе, бо да таго ён выглядаў як месца для бамжоў. Мы  заўважылі гэты будынак, і гэтым самым звярнулі ўвагу іншых на помнік архітэктуры.

Еўрарадыё: А вам не шкада, што калі інвестары забяруць будынкі – уся ваша праца змарнуецца?

Сяргей: У самой сутнасці графіці і ў яго гісторыі закладзена, што калі мастак малюе графіці, ён яго фатаграфуе, а праз пэўны час яно знікае. Будуць іншыя плошчы. Так, мы аддалі душу, мы дасягнулі, чаго хацелі. Мы любім працаваць на вялікіх плошчах, там дзе карціна пратрымаецца даўжэй. Мы даем гарантыю на 5-10 год, і мы гатовыя працаваць на плошчы, якая застанецца на доўгія гады. Але так атрымалася, што мы атрымалі магчымасць працаваць на будынках, што выглядалі горш, чым яны выглядаюць цяпер. Надта крыўдна не будзе, калі будынак забярэ інвестар. Мы можам намаляваць такую ж карціну, але ўжо лепшую, з большым досведам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі