Г.Паганяйла: Неадэкватнасць пакарання гаворыць аб палітычнай матываванасці

Праваабаронцы называюць прысуды дзесяці актывістам, пакараным за мітынгі прадпрымальнікаў, палітычнымі і неабгрунтаванымі, а прадпрымальнікі будуць падтрымліваць Андрэя Кіма, пакаранага 1,5 гадамі турмы, у няволі хіба што маральна. 22 сакавіка скончыўся судовы працэс па “Справе №14”, які доўжыўся на працягу пяці дзён. Прысуд па самай гучнай палітычнай справе з часоў Казуліна вынесла суддзя Цэнтральнага раёна Мінску Алена Ільіна. Дарэчы, яна ж выносіла прысуд Андрэю Клімаву 9 месяцаў таму:

Суддзя: “Канчаткова Кіму прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў. З адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыма. Меру стрымання пакарання абвінавачаным, Пашкевічу, Цішкевіч, Крываву, Бондару, Дубскаму, Стральцову, Чарнышову - па 2 гады абмежавання волі без накіравання ў калонію адкрытага тыпу. Усе яны застаюцца пад падпіскай аб нявыездзе да пастаноўкі на ўлік крымінальна-папраўчай інспекцыі па месцы жыхарства”.

Нагадаем, што справа была заведзеная пасля акцыі пратэсту прадпрымальнікаў супраць Указа прэзідэнта №760, якая праходзіла ў Мінску 10 і 21 студзеня. Галоўнага фігуранта Андрэя Кіма прызналі вінаватым у збіцці супрацоўніка ДАІ.

Аднак па словах праваабаронцы Алены Танкачовай, якая прысутнічала на ўсіх пасяджэннях суда, нават на відэа, прадстаўленым КДБ і МУС, не было бачна, як Кім збіваў ДАІшніка:

Танкачова: “Тое, што прысуд Кіму менавіта такі – гэта дэманстрацыя сілы без сумневаў. Я прысутнічала на ўсіх пасяджэннях суда, і мной былі прагледжаны ўсе “відэа-доказы”, – Кім не наносіў гэтага ўдара. Суддзя выносіла прысуд на падставе толькі сведчанняў міліцыянтаў, якія былі супярэчлівымі і, як мінімум, вельмі сумнеўныя. Гэта адзіная адзнака, якую я магу даць з прафесійнай юрыдычнай кропкі гледжання”.

Адзначым, што сярод асуджаных няма ніводнага з арганізатараў студзеньскіх вулічных пратэстаў прадпрымальнікаў. Адзін з іх, Анатоль Шумчанка, пасля абвяшчэння прысуду Кіму вырашыў падтрымліваць Андрэя маральна:

Шумчанка: “Падтрымаць Кіма ў няволі… Апроч як маральна, яго ніяк не падтрымаеш…”

На думку праваабаронцы з Беларускага Хельсінскага Камітэта Гары Паганяйла, у дадзеным выпадку беларускія ўлады ізноў злоўжываюць крымінальнай юрысдыкцыяй у адносінах да працэсаў, якія адбываюцца ў краіне:

Паганяйла: “Сам прысуд дый наогул крымінальны пераслед яўна выходзяць за межы аб’ектыўнай ацэнкі дзеянняў тых, хто выйшаў на вуліцу з пратэстам супраць палітыкі ўладаў”.

На думку Гары Паганяйлы, маладзёнаў можна было б прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці. За тое, што яны выйшлі за межы санкцыянаванага мерапрыемства:

Паганяйла: “Сама неадэкватнасць крымінальнага пераследу і непасрэдна пакарання гаворыць аб палітычнай матываванасці справы”.

Нагадаем, што той жа суд Цэнтральнага раёна Мінску ў 2005 годзе адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце збіцця Святланы Завадскай байцом спецназа Давідовічам. Прычым тады збіццё жонкі зніклага аператара ОРТ было знятае на фота і відэакамеры, а кадры абыйшлі ўвесь свет. Суд жа палічыў, што… адсутнічае склад злачынства!

Ужо вядома, што прысуды будуць абскарджаныя. Напрыканцы матэрыяла мы падаем вытрымкі з апошняга слова перад прысудам Андрэя Кіма.

Кім (у судзе): Нават калі цалкам пагадзіцца з бокам абвінавачвання, як я мог прыйсці на мітынг і ў прысутнасці вялізнай колькасці людзей, міліцыянераў, відэа- і фотакамер, знаходзячыся ў цвярозай свядомасці, як пацвердзіла псіхічная экспертыза, наўмысна нанесці абсалютна бессэнсоўны ўдар? Прычым зрабіць гэта наўмысна, нерабочай рукой, чалавеку, які абсалютна нічога не зрабіў. І пасля гэтага, пасля гэтых дзеянняў, спакойна ісці наперад некалькі соцень метраў… Гэта супярэчыць не толькі маім перакананням, гэта пярэчыць здароваму сэнсу. У прынцыпе, гэта ўсё, што я хацеў сказаць. У мяне засталася толькі адна просьба да Высокага суду: аб справядлівым рашэнні. Дзякуй.

Фота Юліі Дарашкевіч, "Наша Ніва"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі