"Google" павіншаваў беларусаў з угодкамі Напалеона Орды

Амерыканская кампанія "Google" спалучыла свой лагатып на старонцы пошукавага сервіса www.google.com.by з фрагментам малюнка "Палац Чацвярцінскіх" беларускага мастака Напалеона Орды. Такім чынам супрацоўнікі кампаніі павіншавалі беларусаў з днём нараджэння мастака, які з'явіўся на гэтым свеце 11 лютага 1807 г., 203 гады таму. Па словах супрацоўніка "Google" Ігара Маханька, кампанія даволі часта змяняе свой лагатып у гонар значнай падзеі ці нараджэння вядомага чалавека.

Ігар Маханёк: "З тых, каго нядаўна віншавалі, памятаю Ісака Ньютана, Альберта Эйнштэйна. А два гады таму з'явіўся лагатым у гонар нараджэння Марка Шагала. Падрабязны спіс вы можаце паглядзець на старонцы www.google.com/logos".



Сёлета "Google" ужо віншаваў з угодкамі пісьменнікаў Антона Чэхава і Карэла Чапека, гітарыста Джанга Рэйнхарда, грамадскага дзеяча Марціна Лютэра Кінга, навукоўца сэра Ісака Ньютана. Па словах Ігара Маханька, "Google" ніколі не змяняе лагатыпы на замову:

Ігар Маханёк: "Гэта адбываецца выключна тады, калі мы лічым, што падзея вартая таго, каб падзяліцца ёю з нашымі карыстальнікамі. Ці гэта чалавек, чыё жыццё і творчасць вартае таго, каб паінфармаваць людзей. Каб яны пайшлі і паглядзелі".

Калі 11 лютага "клікнуць" на лагатып "Google", карыстальнік атрымае вынікі пошуку ў інтэрнэце па запыце "Напалеон Орда".


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі