Гомельскі суд аштрафаваў былога вязня канцлагера на 700 тыс. рублёў

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 13 кастрычніка пачаў разгляд адміністрацыйных справаў 16 дэмакратычных актывістаў. Іх судзяць за намер правесці 16 верасня акцыю салідарнасці са зніклымі людзьмі. Міліцыя затрымала апазіцыянераў па шляху да месца правядзення акцыі. Як інфармуе БелаПАН, першым судзілі 76-гадовага вязня канцлагераў, сябра Партыі камуністаў Беларускай Уладзіміра Мышака. Ён растлумачыў, што 16 верасня, калі ён ішоў на з'езд ПКБ, на вуліцы на яго напалі невядомыя: "Нейкія малойчыкі, бандыты або тэрарысты ў грамадзянскай адзежы, сталі мяне тузаць. На дапамогу прыйшоў мой калега Ўладзімір Сякерка, першы сакратар абласнога абкама. Рызыкуючы жыццём, ён перабег з іншага боку дарогі, спрабуючы мяне выратаваць, але сам быў схоплены. Нас заштурхалі ў аўтобус. Мы думалі, што ўзятыя ў закладнікі. Толькі калі нас даставілі ў міліцыю, зразумелі, што ўсё гэта азначала".

Мышак заявіў на судзе, што так, як у дзень затрымання, яго ні разу ў жыцці не абражалі: "Нават калі я ішоў у канцлагер, фашысты так не тузалі мяне, а проста вялі пад аўтаматамі".

Затрымоўваў вязня канцлагера 25-гадовы міліцыянт Зміцер Грошев. Па ягоных словах, пажылы чалавек ішоў у складзе арганізаванай калоны і нёс у руках партрэт "нейкага чалавека". Сам Мышак і сведкі-аднапартыйцы сцвярджаюць, што пенсіянер нічога ў руках не трымаў.

Суддзя Віталь Козыраў прызнаў вязня канцлагера вінаватым у парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў і прысудзіў яго да штрафу ў памеры 20 базавых велічынь (700 тысяч рублёў).

Як паведамляе "Салідарнасць", на такую ж суму аштрафавалі Марыну Смядлікаву. А Юрыю Захаранку і Васілю Палякову прысудзілі штрафы ўдвая большыя — па 1 млн 400 тыс.рублёў кожнаму.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі