Гомельская бібліятэка купляе кнігі па спакушэнні жанчын

На сайце дзяржзакупак Брэсцкая бібліятэка закупляе бульварныя раманы і дэтэктывы, тэндар ад Гомельскай абласной бібліятэкі проста ўражвае: “Жыццё, поўнае жанчын: падручнік па  спакушэнні”, “Варажба на каханне, здароўе і поспех”, “Грошы, дзеўкі, крымінал. Як кампрамат кіруе Расіяй”.

Кнігі купляюцца за бюджэтныя грошы.

У Гомельскай гарадской бібліятэцы імя Герцэна кажуць, што арыентуюцца падчас выбару кніг на чытача:

“А што вы думаеце, у бібліятэку людзі не ходзяць, а ўсё ў інтэрнэце? Ходзяць і пытаюцца самыя розныя кнігі”. Фінансуе пакупку аддзел ідэалогіі Гомельскага гарвыканкама.

У абласной біблітэцы Гомеля  Еўрарадыё тлумачаць, як трапляюць да іх кнігі. Спачатку паступаюць прайсы расійскіх выдавецтваў, загадчыкі аддзелаў вывучаюць і ўносяць свае прапановы. Але канчатковы спіс зацвярджае савет па камплектацыі. І які загадчык аддзела выбраў кнігу “Сэкс, забойствы і сэнс жыцця”?

У Гомелі паўтараюць, што арыентуюцца на попыт чытачоў — нават сшытак ёсць спецыяльны, куды запісваюцца кнігі, якіх няма.

Пытаюся, ці ёсць сярод гэтай літаратуры беларускія выданні. У бібліятэцы расчароўваюць:

“Вы ведаеце, вельмі мала сустракаецца выдавецтваў беларускіх, вельмі рэдка і ў асноўным гэта прыватныя выдавецтвы”.

Але навошта беларускім дзяржаўным выдавецтвам прайсы, калі існуе спецыяльны спіс — сацыяльна значныя выданні? Іх закупка  — абавязковая для ўсіх бібліятэк. Сярод кніжак сацыяльна значных — раман Мікалая Чаргінца і выданне пра перспектывы і перавагі будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

У Нацыянальнай бібліятэцы тлумачаць, як гэты спіс складаецца.

“Збіраем сведчанні, якія кнігі запатрабаваныя ці якіх не хапае. І накіроўваем спісы ў Мінкульт, Мінкульт накіроўвае спіс ў Мінінформ, дзе адбіраюцца кнігі для ўключэння ў гэты спіс. Вялікі спіс, а потым з таго, што падалі, а потым з пункту гледжання палітычнага…”

Еўрарадыё: Палітычнага?

“Ну мо не палітычнага, мо я не так сказала”.

Цікава, як тады ў тэндар закупак трапілі кніжкі пра Хадаркоўскага? Яны хоць і не ў абавязковым спісе, але...

У Нацыянальнай бібліятэцы тлумачаць Еўрарадыё, як кнігі трапляюць да іх. Па 1-2 асобнікі прысылаюць выдавецтвы, і пры неабходнасці бібліятэка замаўляе больш, той самы спіс сацыяльна важных кніжак, закупка праз прайсы, а таксама абмен з іншымі бібліятэкамі.

”Стараемся, каб кнігі беларускіх выданняў былі прадстаўлены максімальна шырока, нічога не выбіраем, а вось у адносінах да кніг бліжняга і дальняга замежжа існуе выбіральнасць. Нейкія сацыяльна важныя выданні, інфармацыйна важная літаратура”.

У аддзеле камплектавання "нацыяналкі" сумняваюцца, ці можна крытыкаваць калег за выбар такіх расійскіх кніжак, але нечакана адзначаюць, што “такую муру, як у Гомелі, у Нацыянальнай бібліятэцы знайсці немагчыма”.

“Ці толькі ў выпадку, калі нам прысылаецца бясплатны экзэмпляр, ад беларускіх выдавецтваў, бо многія расійскія кнігі друкуюцца ў Беларусі. Але ж у іх публічная бібліятэка, яны з гэтага зыходзяць. У нас больш нейкая навуковая значнасць бярэцца за аснову”.

Еўрарадыё: А кнігі беларускіх аўтараў замаўляеце? Класікаў?

“Вось нядаўна заказалі Караткевіча збор твораў, Шамякіна”.

У бібліятэцы дадаюць, што канкрэтна беларускія кніжкі ў межах абмену з іншымі бібліятэкамі свету ў іх часта заказваюць з ЗША, Германіі, Польшчы, Балгарыі, Літвы. Дарэчы, краіны заказваюць кнігі менавіта на мове.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі