Год здароўя будзе каштаваць беларусу каля тысячы долараў

Прэзідэнт абвясціў новы 2008 год годам здароўя. Еўрарадыё вырашыла палічыць у колькі абыйдуцца заняткі фізкультурай і спортам сярэдняй мінскай сям’і. Для прыкладу мы ўзялі сям’ю з чатырох чалавек – маці, бацька і двое дзяцей. Для добрага фізічнага развіцця дзіцяці з малога ўзросту яго варта аддаць у спартыўную секцыю. Некаторыя з іх у цэнтрах дзяцей і моладзі бясплатныя, а вось адзінаборствы і розныя віды барацьбы, напрыклад, амаль паўсюль платныя. Ушу, каратэ, бокс каштуюць каля 35 тысяч, то бок адну базавую велічыню.

Супрацоўніца раённага цэнтру пазашкольнай працы:
Была базавая, колькі будзе з гэтага году -- не ведаю.

Бокс, тэніс і мастацкая гімнастыка ў спецыялізаванных установах каштуюць даражэй.

Трэнер па гімнастыцы: Штотыднёвыя две гадзіны заняткаў каштуюць 65 тысячаў.Усе снарады у нас ёсць, таму трэба толькі купальнік і калготы.

Заняткі хакеем бясплатныя. Затое, каб экіпіраваць маленькага хакеіста на новую форму, прыйдзецца аддаць каля 400 долараў. Распавядае трэнер хакейнага клуба “Юнацтва" Дзяніс Паўленка:

Паўленка: На першыя два гады спатрэбіцца 400 долараў, пасля хлопчык з гэтай формы вырасце. Гэта, канешне, накладна, таму можна набываць форму, якая была ў выкарыстанні.

Каб падтрымліваць форму, палічым, у колькі абыйдзецца штомесячнае наведванне шэйпінгу і трэнажорнай залы.

Гадзіннае наведванне самай таннай сталічнай "трэнажоркі" – 3400. Калі займацца 3 разы на тыдзень, то за месяц атрымаецца сумма каля 40 тысяч. А месячны абанемент шэйпінгу ў сярэднім фітнэс-клубе абыйдзецца:

Супрацоўніца фітнэс-цэнтру: Два разы на месяц 54 тысячы, а з наведаваннем саўны і іншымі магчымасцямі - 72.

Да гэтага дадамо адно наведванне басейну ўсёй сям’ёй. На аднаго дарослага – 9500, на дзіця – 4500. Плюсуем, і атрымліваем 28 тысяч.

За адну паездку ў Сілічы, каб пакатацца на лыжах, вам прыйдзецца заплаціць за рыштунак каля 84 тысячы за тры гадзіны. Дадамо да гэтага яшчэ карыстанне пад’ёмнікам -- каля 60 тысяч. Агулам – каля 145 тысяч.

І паход на крыты каток: 7 тысяч за квіток для дарослых і для дзіцяці 3500. А пракат канькоў ад 3 да 7 тысяч. Для ўсёй сям'і гэта будзе каля 40 тысяч.

Такім чынам, па самых сціплых падліках месяц здароўя для сям’і будзе каштаваць каля 400 тысяч толькі для заняткаў фізкультурай. Еўрарадыё спытала на вуліцах Мінску, у колькі сёння абыходзіцца мінчукам спорт і здароўе:

Малады чалавек: Я выдаткоўваю на псіхатэрапеўта штомесяц каля 80 долараў.

Дзяўчына: Займаюся ёгай, на каньках катаюся. Нават цяжка сказаць колькі сыходзіць грошай -- шмат.

Мужчына: Я адпачываю, катаючыся на лыжах на беларускіх курортах. На здароўе і адпачынак сыходзіць 40% заробку.

Колькі абыйдзецца год здароўя -- невядома, аднак пры сярэднім заробку беларуса ў 300 долараў амаль палова яго застанецца ў спартыўных секцыях і спортзалах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі