Гібель падлетка ў Сумскай вобласці і баі ля Бахмута — 281-я раніца вайны

Украінскія войскі ў мінулыя суткі адбівалі атакі расіян у Луганскай і Данецкай абласцях / facebook.com/GeneralStaff.ua
Украінскія войскі ў мінулыя суткі адбівалі атакі расіян у Луганскай і Данецкай абласцях / facebook.com/GeneralStaff.ua

Падлетак загінуў у выніку абстрэлу памежнай Сумскай вобласці Украіны. Яму было 15 гадоў. Гэта здарылася ўчора, калі расіяне абстралялі са ствольнай артылерыі гарадскую лякарню ў Белапольскай грамадзе. "Дзіця падчас абстрэлу не паспела некалькі метраў дабегчы дадому ў сховішча", — кажа старшыня абласной вайсковай адміністрацыі Дзмітрый Жывіцкі. Пашкоджаны адзін з будынкаў бальніцы, некалькі дамоў, размешчаных побач, а таксама электрычныя і газавыя сеткі. Усяго за дзень расіяне выпусцілі па вобласці 110 снарадаў і мін.

Гэтай ноччу расіяне зноў абстралялі Нікапальскі раен Днепрапятроўскай вобласці. Людзі, папярэдне, не пацярпелі, кажа кіраўнік абласной адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. У адной з грамад пашкоджаны некалькі прыватных дамоў і гаспадарчых пабудоў, газаправод і лінія электраперадач.

Гибель подростка в Сумской области и бои у Бахмута — 281-e утро войны
Наступствы абстрэлу Белапольскай грамады Сумскай вобласці / @Zhyvytskyy

На фронце асноўныя намаганні расіян сканцэнтраваныя на Бахмуцкім і Аўдзееўскім напрамках. Тут яны спрабуюць наступаць, гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ. Украінскія вайскоўцы адбівалі атакі каля Навасёлаўска, Стэльмахоўкі і Белагораўкі ў Луганскай, а таксама Белагораўкі, Якаўлеўкі, Бахмута, Курдзюмаўкі, Краснагораўкі, Каменкі, Вадзянавага, Першамайскага і Мар'інкі ў Данецкай вобласці.

Расійскія войскі ўчора працягвалі паступова прасоўвацца на поўдзень, а таксама атакавалі на паўночны ўсход ад Бахмута. Няясная сітуацыя каля Курдзюмаўкі, кажуць у Інстытуце вывучэння вайны (ISW). У ISW з аглядкай на відэазапісы з геалакацыяй лічаць, што "расійскія войскі дамагліся поспехаў ва ўсходняй палове" гэтага населенага пункта. Але агулам экспэрты Інстытута мяркуюць, што расійскія намаганні вакол Бахмута паказваюць, што вайскоўцы РФ "прынцыпова не вынеслі ўрокаў з папярэдніх кампаній з высокімі стратамі, якія былі засяроджаны на мэтах абмежаванага аператыўнага або стратэгічнага значэння". Расійскія войскі пастаянна нарошчвалі баявую моц у невялікіх населеных пунктах вакол Бахмута з канца траўня, але максімальна змаглі прасунуцца толькі на некалькі кіламетраў за раз. Гэтыя дзеянні прыводзяць да знясілення расійскай жывой сілы і тэхнікі. "Гэтая схема аперацый вельмі нагадвае папярэднія спробы Расіі захапіць Севераданецк і Лісічанск у пачатку вайны", кажуць у ISW. Захоп гэтых гарадоў вялікімі намаганнямі не меў вялікага стратэгічнага або тактычнага значэння.

Нават калі расійскія войскі працягнуць наступ да Бахмута і ўнутры яго, "сам Бахмут прынясе ім мала аператыўнай выгады. Выдаткі, звязаныя з шасцю месяцамі жорсткіх, выматвальных і знясільваючых баёў вакол Бахмута, нашмат пераважваюць любую аператыўную перавагу, якую расіяне могуць атрымаць ад узяцця Бахмута", — кажуць у Інстытуце. Такая актыўнасць ля Бахмута паглынае значную частку расійскай баявой моцы у выніку ўкраінцы атрымліваюць магчымасць прадуктыўна контрнаступаць у іншых месцах.

Гибель подростка в Сумской области и бои у Бахмута — 281-e утро войны
Карта баёў у Данецкай вобласці 30 лістапада 2022 года / understandingwar.org

Аб сітуацыі на фронце і прыфрантавых тэрыторыя ішла размова на чарговым пасяджэнні Стаўкі, якое правёў учора прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
"Галоўныя пытанні — Данбас, Луганшчына, Харкаўшчына, Запарожская вобласць, Херсоншчына, Крым, прыфрантавыя тэрыторыі і наша дзяржаўная мяжа. Аналізуем намеры акупантаў і рыхтуем супрацьдзеянне — яшчэ больш магутнае супрацьдзеянне, чым цяпер", — заявіў ён у вячэрнім відэазвароце.

Ён таксама казаў аб сітуацыі з энергазабеспячэннем і сувяззю, пошуку новых рашэнняў. Паводле яго слоў, "энергетыкі і камунальныя службы робяць усё, каб стабілізаваць сістэму і даць людзям больш энергіі на больш доўгі час". Зяленскі зноў папрасіў людзей быць эканомнымі разумець, "калі і на які прамежак часу ў іх адключаць электрычнасць".

Краіны NATO анансавалі дапамогу Украіне ў энергетычнай сферы (трансфарматары, генератары), а таксама з узбраеннем і зімовай формай. Пра гэта па выніках сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў альянсу заявіў кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба.

"Я не магу ўсё гэта агучваць. Але сярод гэтых пазіцый ёсць 155-мм артылерыя, снарады, бронемашыны. Усё гэта ўжо неўзабаве прыедзе ва Украіну і паступіць УСУ. Але ўсё павінна адбывацца вельмі хутка. Мы не можам чакаць", — сказаў міністр. Кулеба таксама адзначыў, што цяпер адбываецца "вельмі сур'ёзная і прадметная размова" па ЗРК Patriot, які ўжываюць для забеспячэння супрацьпаветранай абароны на сярэдніх і вялікіх вышынях.

"Скажу так: калі раней пра гэта нават ніхто не размаўляў, акрамя нас, то цяпер размова адбываецца [...] Мы будзем працаваць далей на вынік", — сказаў украінскі міністр.

На сустрэчы, паводле яго слоў, таксама абмяркоўвалі перадачу заходніх танкаў ўзору NATO. Кіраўнік МЗС Украіны распавёў, што заклікаў партнёраў змяніць логіку: не чакаць чарговых трагедый на фронце для прыняцця рашэнняў, а пераадольваць псіхалагічныя бар'еры па пастаўках зброі раней, чым адбудзецца нешта дрэннае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі