Вы тут

"Гэта сапраўды як 1941-ы": прапаганда палохае беларусаў вайной

Асцярожна! У тэксце ёсць цытаты Рыгора Азаронка, якія мы прыводзім у якасці прыкладу! / калаж Улада Рубанава

Размовы пра пачатак вайны з удзелам Беларусі ўсё часцей можна сустрэць у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Гэтаму спрыяе міграцыйны крызіс на межах РБ і ЕС. А дакладней, тое, як яго асвятляюць прапагандысты: літоўскіх і польскіх памежнікаў называюць не інакш як нацыстамі, а іх ахову дзяржаўнай мяжы — карнай аперацыяй.

Еўрарадыё прааналізавала, як за апошні тыдзень дзяржСМІ палохалі беларусаў вайной.

Лукашэнка пераапранаецца

Мілітарысцкую рыторыку, як і многія афіцыйныя "трэнды" , для дзяржСМІ паднёс Аляксандр Лукашэнка. У панядзелак, 29 лістапада, ён сабраў нараду з кіраўнікоў сілавых ведамстваў для абмеркавання плана "рэагавання Узброеных сіл на магчымыя недружалюбныя і агрэсіўныя крокі ў напрамку Беларусі". На гэтую сустрэчу "чалавек вайсковы", як ён сам сябе называе час ад часу, з'явіўся ў вайсковай форме.

"Калі коратка і па-вайсковаму, то неспакойна", — так пачынае закадравы голас сюжэт СТБ з цэнтра стратэгічнага кіравання. Агульны пасыл сустрэчы: Беларусь — міралюбівая краіна, але "хто да нас з мячом прыйдзе, ад меча і загіне". Пры гэтым "былых заходніх партнёраў" кіраўнік "міралюбнай краіны" ўжо адкрытым тэкстам называе ворагамі.

Не толькі заходні фронт

На той самай сустрэчы Лукашэнка згадаў канфлікт, які наспявае паміж Расіяй і Украінай. І даў дакладна зразумець, на чыім баку выступіць, калі дойдзе да вайны.

"Пачынаюцца актыўныя рухі вакол Расійскай Федэрацыі пад прыкрыццём таго, што яна "збіраецца напасці на Украіну". У мяне такіх звестак пра планаваны напад Расіі на Украіну няма. Але калі б такія замыслы былі, то беларускія вайскоўцы, у тым ліку я, пра гэта б ведалі. Да нашага ведама б давялі. Але я яшчэ раз кажу: факты на стол. Яны выдатна разумеюць: калі яны зноў развяжуць вайнушку ў Данбасе або дзесьці на мяжы з Расіяй, Беларусь убаку не застанецца. І ясна, на чыім баку будзе Беларусь. Яны гэта разумеюць, таму пачалі ўзмацняць сваю паўночную, беларуска-ўкраінскую мяжу",цытуе яго БЕЛТА.

"Калі не будзе вайны"

Праз некалькі дзён Лукашэнка ў часе інтэрв'ю расійскаму прапагандысту Дзмітрыю Кісялёву і зусім "пабразгаў ядзернай зброяй". Яе, праўда, у Беларусі няма, але Лукашэнка гатовы папрасіць Пуціна размясціць адпаведныя ўстаноўкі. У тым самым інтэрв'ю Лукашэнка расказаў, што Беларусь правядзе рэферэндум, калі... "не будзе вайны".

Азаронак не ў форме

Рыгор Азаронак хоць і таксама любіць прыбрацца ў вайсковую форму, на гэтым тыдні ў адрозненне ад свайго куміра паўстаў па цывільнай. У панядзелак выходзяць яго аўтарскія "Таемныя спружыны палітыкі", дзе ён чарговы раз дакарае калектыўны Захад за міграцыйны крызіс.

І хоць Азаронак ужо з пачатку сваёй прапагандысцкай кар'еры выкарыстоўвае мову варожасці, здаецца, у гэтым выпуску ён перасягнуў сам сябе. Больш за іншых дасталося старшыні Еўракамісіі Урсуле фон дэр Ляен, якой Азаронак пажадаў быць... згвалтаванай:

— Літва гуманна і рашуча спраўляецца з гуманітарным крызісам. Гэта заявіла старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен. Уршуля, ты не чалавек. Не жанчына. Ты істота. Смуродны гной. Жадаю табе і ўсёй тваёй Еўракамісіі на сабе адчуць літоўскі гуманізм. Каб цябе згвалтавалі, збілі па галаве, па грудзях, па спіне да страты прытомнасці, а потым засунулі ў спальны мяшок і выкінулі на беларускую мяжу, і каб "негуманныя" беларускія лекары паспелі цябе знайсці і выратаваць тваё нікчэмнае жыццё.

Словы пра гной і згвалтаванне, дарэчы, не былі апублікаваныя ў тэкставай версіі на сайце СТБ. Здаецца, нават кіраўніцтва канала разумее, што Грыша "трохі" перагнуў палку.

Па добрай традыцыі ў канцы перадачы Азаронак "выкрывае" ворагаў з Захаду. Дакладней, агучвае сваё разуменне падзей: "Планы зразумелыя — развязаць вайну ў Еўропе. Палякі адцягваюць беларускія войскі, а бандэраўскія псіхапаты нападаюць на Расію. Уцягваюцца ляхі і прыбалтыйскія выміраты. Еўрасаюз развальваецца, Еўразія хоць і перамагае ў гэтай вайне, але нясе страты. І Штаты — зноў сусветны гегемон".

Без пагрозы вайной, вядома, не абышлося:

— Толькі памятайце, гуманоіды праклятыя, вы любіце пачынаць войны, а заканчваем іх мы. І скончым мы яе не ў Вільні і Варшаве, а ў Лондане і Вашынгтоне.

Без каментароў.

"Гэта сапраўды як 1941-ы"

Супрацоўніца "Беларусь Сегодня" Людміла Гладкая на гэтым тыдні таксама вызначылася: сітуацыю на беларуска-польскай мяжы яна ўжо параўнала з пачаткам вайны:

— Гэта сапраўды як 1941 год, пачатак тых падзей. Дарэчы, калегі часта пыталіся, што мяне ўразіла больш за ўсё. Ведаеце, гэта абыякавасць тых, хто стаяў па той бок дроту. Калі б ля мяжы стаялі геі або нашы бэчэбэшныя здраднікі, Еўрасаюз бы, напэўна, адчыніў дзверы.

Сваімі ўражаннямі Гладкая падзялілася ў часе прэзентацыі кнігі з нясціплай назвай "Злачынствы Польшчы і Літвы супраць уцекачоў: факты і сведчанні" аўтарства іншага прапагандыста Вадзіма Гігіна. Здавалася б, крызіс яшчэ не скончаны — дык як хтосьці паспеў напісаць кнігу?

Зрэшты, не здзіўляйцеся: кніга збольшага з сябе ўяўляе фотаальбом з невялікімі ўстаўкамі тэксту. І гэта ў асноўным перадрукі навінавых паведамленняў: дзяржаўных і нават замежных. Да выбару небеларускіх медыя падышлі выбіральна: уключылі толькі тых, хто напісаў пра "жорсткія меры польскіх памежнікаў".

Першая чвэрць кнігі — гэта зусім кароткі экскурс у "гісторыю міграцыйнага крызісу 21 стагоддзя": вайна ў Іраку, "арабская вясна" і фатаграфіі салдат НАТА. Мабыць, для разумення таго, хто ва ўсім вінаваты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.