“Гэта норма, калі вулічны музыка зарабляе 100 еўра за гадзіну”

Мінчук Сяргей Лепчанкоў выклаў у сеціва 15-хвілінны фільм, прысвечаны вулічным музыкам з усяго свету. Усе здымкі Сяргей зрабіў сам, вандруючы па розных краінах. Хобі вырасла ў праект World Street Music — глабальную базу вулічных музыкаў.

“Ідэя праекта ўзнікла, калі я быў у Барселоне і сустрэў там шмат цікавых вулічных музыкаў, — распавядае Еўрарадыё Сяргей Лепчанкоў. — Я ўбачыў, што яны вельмі таленавітыя, але зусім мала людзей маюць магчымасць пачуць іх музыку. І я вырашыў здымаць якасныя ролікі з такімі музыкамі і даць магчымасць свету пазнаёміцца з імі. І пры гэтым, запісваць іх кантактныя дадзеныя і імёны, каб яны нібыта выступалі ад сваёй асобы. Фільм змяшчае актыўныя спасылкі на відэа артыстаў у відэаблогу. Таксама у фільме маюцца субтытры на беларускай, рускай, літоўскай, французскай мовах”.

Музыкі, якіх можна ўбачыць у фільме, знятыя ў Барселоне і Парыжы. Але самі яны прыехалі ў гэтыя гарады з розных краін і нават кантынентаў. У відэаблогу Сяргея таксама ёсць музыкі з Індыі і Тайланда. Там больш за 130 відэа!

Праект працягваецца па меры таго, як аўтар вандруе па свеце. Яго мара — кругасветная вандроўка. Пакуль фінансы гэтага не дазваляюць. Але каб мара ўсё ажыццявілася, Сяргей прапануе ўсім цікаўным падпісвацца на World Street Music на ютуб, у фэйсбук і вконтакте і глядзець новыя відэа з Індыі і іншых краін.

Еўрарадыё: Што перашкаджае развіццю вулічнай музычнай культуры ў Беларусі?

Сяргей Лепчанкоў: “Мне падаецца, адна з прычын — гэта тое, што людзі не багатыя. То бок, у краінах, дзе сапраўды на вуліцах граюць добрыя музыкі, яны зарабляюць вельмі добрыя грошы. Гэта нармальна, калі музыка зарабляе 100 еўра за гадзіну на вуліцы. У нас гэта проста немагчыма. У людзей няма грошай, каб столькі плаціць музыкам. Адпаведна, музыкі высокага класу не зацікаўленыя выходзіць на вуліцу. І другое — гэта стаўленне людзей. У нас да вулічных музыкаў ставяцца як да папрашаек. Мой фільм накіраваны на тое, каб паказаць, што музыка на вуліцы — гэта не той, хто просіць грошай”.

Еўрарадыё: Што трэба рабіць, каб палепшыць сітуацыю з вулічнай культурай у Мінску?

Сяргей Лепчанкоў: “Вулічная культура ў Мінску пачала развівацца. І хачу сказаць, што людзі, якія цяпер займаюцца канцэртамі на Карла Маркса, адкрытыя да новых ідэй. Мне падабаецца іх падыход, хаця, вынікі часам прымушаюць жадаць лепшага. На жаль, яны не зусім уяўляюць, як развіваць вулічную культуру. І гэта вельмі дзіўна выглядае. Таму што яны, з аднаго боку, спрабуюць гэта кантраляваць, а з іншага боку — не зусім знаёмыя з вулічнымі музыкамі свету.

Я акурат спрабую з імі кантактаваць. І нават дамовіўся паказаць часткі з фільма падчас выступу нашых музыкаў на Карла Маркса — нібыта кавалачак Еўропы прыўнесці на мінскую вуліцу, і на праектары паказаць паўнапамерна гэтых музыкаў. То бок, мне падаецца, што гэта цікавая ідэя — людзі могуць паглядзець, як гэта адбываецца ў іншых краінах, і, магчыма, пачарпнуць з гэтага нейкія добрыя ідэі”.

У Еўропе ёсць натуральны адбор вулічных музыкаў. У некаторых гарадах маюцца адмысловыя акрэдытацыі. Музыка, каб граць на вуліцы, павінен паказаць, што ўмее. Але ёсць і нябачныя рэчы, якія там працуюць. Напрыклад, паліцыя не чапае неакрэдытаваных музыкаў, калі яны добра граюць. І наадварот.

“Вось хачу распавесці адну гісторыю, якую я назіраў у Мінску, — працягвае Сяргей Лепчанкоў. — Аднойчы ў Парку Горкага граў даволі цікавы гурт. Да музыкаў падышлі міліцыянты і папрасілі іх перастаць граць. Але людзі, якія сядзелі і слухалі, заступіліся за музыкаў. І прагналі міліцыянераў! Мяне вельмі ўразіла такая свядомасць людзей, якія разумеюць каштоўнасць падобных выступаў, і якія не хочуць, каб нехта зверху гэта кантраляваў. То бок, яны хочуць мець магчымасць выбару ў гэтым плане”.

Вулічная музыка ўпрыгожвае горад і надае яму нейкую асаблівую атмасферу. Праўда, Мінск пакуль толькі прымярае на сябе гэтае ўпрыгожанне. Таму не дзіва, што часам яно становіцца музейнай каштоўнасцю. Як, напрыклад, гэта можна будзе назіраць у музеі ў Дудутках 25 траўня на “Фестывалі вулічных артыстаў”.

Фота Людмілы Пагодзінай

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі