Вы тут

Гэта катастрофа. Тэсты паказалі, што школьнікі дрэнна разумеюць беларускую мову

Гаворка пра Міжнароднае тэставанне адукацыйных дасягненняў вучняў / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Беларускія школьнікі нашмат горш разумеюць заданні на беларускай мове, чым на рускай. Гэта вынікае з аналізу спробнага тэставання PISA, якое праводзілася ў Беларусі яшчэ ў 2017 годзе. Тады траціна навучэнцаў мусіла выканаць заданні на беларускай мове.

PISA — міжнародная праграма ацэнкі адукацыйных навыкаў вучняў. Гэтыя тэсты галоўным чынам паказваюць, ці ўмеюць вучні выкарыстоўваць веды на практыцы, ці прыстасаваныя да жыцця ў канкурэнтным свеце.

Вынікі ў дзяцей, якія выконвалі тэст на беларускай мове, былі прыкметна горшыя. Настолькі горшыя, што эксперты падчас аналізу дадзеных выказалі здагадку, што вучні проста дрэнна разумелі заданні, сфармуляваныя па-беларуску.

 

Вынікі тэставання ў залежнасці ад мовы тэсту / скрыншот прэзентацыі Ігара Вараксы

Увагу на вынікі PISA за 2017 год звярнуў кансультант Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях школьнай адукацыі Ігар Варакса, удзельнік канферэнцыі "На шляху да рэформы сістэмы адукацыі ў новай Беларусі", якую праводзіць "Банк ідэй".

"Мы бачым розніцу ў 30-40 балаў — столькі ў сярэднім набіраюць школьнікі за год навучання. То бок гэтая розніца ў лічбах эквівалентная прыкладна году — двум гадам навучання", — тлумачыць Варакса.

Напрыклад, розніца ў балах для тэстаў па чытанні на беларускай і рускай мовах — 60!

"Гэта значыць, што дзеці, якія ў тым жа класе здаюць тэст на беларускай мове, або не разумеюць заданні, таму што не ведаюць мовы, або проста дрэнна яе вучылі. Цікава, што ўсе гэтыя школы былі з беларускай мовай навучання", — кажа Варакса.

Ужо ў 2018 годзе, калі праводзілася асноўнае тэставанне, дзіця магло само выбіраць мову тэсту. З 6 тысяч тэстаў на беларускай было выканана толькі 40.

Тэставанне PISA праходзіць раз на тры гады. Гэтыя тэсты дапамагаюць зразумець, наколькі канкурэнтная сістэма беларускай адукацыі ў параўнанні з іншымі краінамі — удзельніцамі PISA. Сёлета Беларусь зноў павінна была ўзяць удзел у тэставанні, але PISA адмовілася праводзіць яго ў нашай краіне. Так што дынаміку сітуацыі мы пакуль не даведаемся.

Падрабязней пра тое, што страчвае Беларусь без PISA, чытайце ў матэрыяле Еўрарадыё.

 

А сачыць за канферэнцыяй анлайн можна тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.