Вы тут

Герасіменя: галоўная мэта — выступ сумленных спартсменаў пад нейтральным сцягам

Стадыён / pixabay

Спартсмены, якія выказаліся супраць беларускіх уладаў,  маглі б выступаць пад нейтральным сцягам, лічыць спартсменка, экс-старшыня Фонду спартовай салідарнасці Аляксандра Герасіменя. І гэта галоўная мэта, якой павінен дамагацца Фонд спартовай салідарнасці, лічыць суразмоўніца Еўрарадыё.

Яна тлумачыць, чаму гэта крытычна важна. Без удзелу ў міжнародных турнірах, да якіх Беларусь не будзе дапушчаная да канца вайны, спартсмен не зможа развівацца.

— Мы бачылі, як беларускі спорт на працягу паўтара гадоў падаў у яму. Кіраўнікі могуць давесці спорт да найніжэйшага пункта, выплывуць, напэўна, толькі самыя таленавітыя. Талент не забіць, ён усё роўна вылезе вонкі.

Да канца вайны ў беларусаў не будзе магчымасці выступаць на міжнародных турнірах — а гэта досвед, які дае магчымасць развівацца далей, пераадольваць новыя рубяжы, выходзіць на новы ўзровень. Я баюся, што, калі ўсё будзе працягвацца доўга, спорту ў Беларусі проста хутка не застанецца. Калі няма канкурэнцыі, няма росту.

Герасіменя лічыць, што галоўнай задачай Фонду спартовай салідарнасці павінен стаць клопат пра тых спартсменаў, якія з'ехалі. Пасля пачатку вайны ва Украіне яны часам сутыкаюцца з дыскрымінацыяй.

— Дзеці прыехалі ў новую краіну, уладкаваліся ў секцыю, займаліся — а потым сутыкаліся з тым, што ім адмаўлялі ў праве быць часткай спартовага клуба, выступаць за мясцовыя спартовыя арганізацыі.

Выходзіць, яны сутыкнуліся з двайной дыскрымінацыяй. Спачатку — у 2020 годзе ў Беларусі, калі ім давялося пакінуць дом, секцыі, кар'еру. Потым цяпер, калі яны ўжо маюць пэўную вагу.

Я павінна сказаць, што мы знайшлі паразуменне ў НАК Польшчы, мы сустракаліся з міністрам спорту. Яны па-чалавечы нас разумеюць, гатовыя дапамагаць знаходзіць гэтыя выпадкі дыскрымінацыі і вырашаць гэтыя пытанні. Можна дакладна гэтаксама выбудоўваць адносіны з іншымі нацыянальнымі алімпійскімі камітэтамі, каб дапускаць нашых спартсменаў да міжнародных турніраў.

Ці магчымы выступ цэлай каманды беларускіх спартсменаў пад нейтральным сцягам? Герасіменя лічыць, што гэтага варта дамагацца.

— У маёй галаве гэта рэальна. Хоць, безумоўна, не вельмі проста, асабліва цяпер. Але для пачатку трэба кропкава працаваць па кожным выпадку дыскрымінацыі.

Поўную версію інтэрв'ю з Аляксандрай Герасіменяй глядзіце на ютуб-канале Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.