Генпракурор расказаў, які перыяд ахопіць камісія па вяртанні

Генпракурор Андрэй Швед / sb.by
Генпракурор Андрэй Швед / sb.by

Камісія па працы з жадаючымі вярнуцца ў Беларусь будзе разглядаць перыяд з 1 студзеня 2020-га па 31 снежня 2023 года. Пра гэта заявіў генпракурор Андрэй Швед, каментуючы сённяшні ўказ Аляксандра Лукашэнкі.

"Ахопліваецца перыяд тых магчымых або ўчыненых правапарушэнняў з 1 студзеня 2020 года па 31 снежня 2023 года. Грамадзяне могуць звяртацца ў камісію ў пісьмовым выглядзе або ў электронным. Ва ўказе вызначаныя патрабаванні, якія выстаўляюцца да гэтай заявы, пералік дакументаў, якія павінны змяшчацца. Таксама пазначаныя тыя рашэнні, якія будуць прымацца камісіяй. Усё адкрыта, зразумела. Прадугледжана адкрытае, свабоднае галасаванне членаў камісіі па кожным пытанні", — прыводзіць БЕЛТА словы Шведа.

Таксама ён заявіў, што дазвол на вяртанне, выдадзены камісіяй, будзе дзейнічаць толькі тры месяцы. "Прайшло тры месяцы — далей, калі ласка, звяртайцеся па агульным парадку", — заявіў Швед.

Ён заявіў, што будзе выдавацца дакумент, які сведчыць, што да чалавека няма прэтэнзій або змененая мера стрымання. І калі палітуцякач вырашыць, што гэты дакумент дазваляе яму спакойна ехаць у Беларусь, то сілавікі могуць выказваць да яго прэтэнзіі толькі са згоды генпракурора ці асобы, якая яго замяшчае.

Праваабаронцы паведамлялі, што за мінулы год сілавікі затрымалі як мінімум 58 беларусаў, якія вырашылі вярнуцца на радзіму. Прычым некаторым з затрыманых ставілі ў віну ўдзел у акцыях, якія прайшлі ў замежжы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі