Вы тут

Генадзя Шутава пасмяротна прызналі вінаватым у супраціве

Генадзь Шутаў / TUT.BY​

У Брэсце ў чацвер быў вынесены прысуд па справе Генадзя Шутава і Аляксандра Кардзюкова. Абодвух прызналі вінаватымі ў супраціве з ужываннем гвалту. Шутава — пасмяротна, ён загінуў 11 жніўня, быў смяротна паранены вайскоўцам сіл спецаперацый. Пакаранне яму не прызначалі.

Аляксандра Кардзюкова таксама прызналі вінаватым у замаху на забойства службовай асобы, у сувязі з ажыццяўленнем ёю службовай дзейнасці. Суд прызначыў яму пакаранне — 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе  TUT.BY.

Вайскоўцы, якія праходзілі па справе пацярпелымі, адмовіліся прад'яўляць пазовы да Шутава і Кардзюкова аб кампенсацыі шкоды.  

Нагадаем, падзеі, якія сталі падставай для разгляду ў судзе, адбыліся 11 жніўня 2020. Паводле версіі абвінавачвання, у той дзень позна ўвечары Шутаў і Кордюков падышлі да вайскоўцаў ССА Рамана Гаўрылава і Арсенія Галіцына. Прадстаўнікі ССА былі ў грамадзянскай вопратцы, але неслі службу. Абвінавачванне сцвярджае, што Кардзюкоў ударыў аднаго з вайскоўцаў — Гаўрылава — металічнай трубой. Пасля чаго Гаўрылаў дастаў пісталет і зрабіў папераджальны стрэл у паветра. Кардзюкоў кінуў трубу і ўцёк.  

Шутаў у гэты час, паводле версіі абвінавачвання, спрабаваў паваліць на зямлю Гаўрылава.

"З улікам пагаршэння самаадчування пасля ўдару трубой па галаве, рэальнай небяспекі жыццю і здароўю, а таксама пагрозы гвалтоўнага завалодання даручанай яму агнястрэльнай зброяй і боепрыпасамі, Гаўрылаў для спынення супрацьпраўных дзеянняў Шутава прыняў рашэнне стрэліць яму ў правае плячо. У момант стрэлу Шутаў, які працягваў актыўныя гвалтоўныя агрэсіўныя дзеянні, зрушыўся ў бок, з прычыны чаго куля трапіла яму ў патыліцу", — зачытаў на першым пасяджэнні тэкст абвінавачання пракурор.

Віну Аляксандр Кардзюкоў не прызнаў. Паводле яго версіі, падзеі развіваліся інакш. Ён сапраўды ўзяў з сабой у цэнтр горада ў той вечар абрэзак металічнай трубы "для самаабароны". Яны з Шутавым глядзелі за пратэстамі здалёк. Затым убачылі маладых людзей у цывільным і падышлі спытаць, што адбываецца.

"Замест таго, каб нармальна адказаць, адзін з гэтых хлопцаў ударыў або штурхнуў мяне ў корпус, з-за чаго я ўпаў з лаўкі. У адказ на дзеянні Гаўрылава я яму інстынктыўна нанёс удар трубой кудысьці ў вобласць левага сцягна. Дакладна не ў галаву. У галаву я не біў", — настойваў на судзе Кардзюкоў.

Потым ён пачуў стрэл.

"Бакавым зрокам я заўважыў, што Генадзь, знаходзячыся лявей ад мяне, пачынае апускацца на калені, трымаючы рукі за галавой. Па-мойму, у той момант ён быў размешчаны спінай да Гаўрылава і тварам да вуліцы Маскоўскай. Галіцын у гэты час накіраваў на мяне пісталет, цэлячыся мне ў галаву. Спалохаўшыся за сваё жыццё, я пачаў уцякаць, кінуўшы на зямлю трубу, каб яна не замінала мне бегчы", — распавядаў Кардзюкоў. Ён таксама настойвае, што не ведаў пра тое, што Галіцын і Гаўрылаў былі на службе — яны ж былі апранутыя ў грамадзянскае.

Прысуд па справе Курдзюкова і Шутава не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.