Гайдукевіч-малодшы: Курапаты належаць не частцы апазіцыі, а ўсёй краіне

Гайдукевіч-малодшы: Курапаты належаць не частцы апазіцыі, а ўсёй краіне

Першы намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч выступіў з каментаром на сваёй старонцы ў Фэйсбуку наконт сітуацыі ў Курапатах, дзе актывісты апазіцыі ўжо трэці тыдзень дамагаюцца закрыцця рэстарана “Паедзем, паядзім”. Палітык папракнуў чыноўнікаў у бяздзеянні і ў адсутнасці рашэння па гэтай праблеме.

“Чыноўнікі маўчаць і чакаюць, што за іх будуць разграбаць усе праблемы. Таму зноў крайнія — міліцыя, спецслужбы, вымушаныя траціць сілы і сродкі, штодня працуючы каля Курапатаў! А што будзе, калі ў краіне будзе сапраўдны канфлікт, палітычны крызіс, сапраўды важныя падзеі! Адкажу: спецслужбы будуць працаваць, а чыноўнікі схаваюцца па кабінетах, завесіўшы шторы і ў страху чакаючы, што ж далей! Так было ў 1991-м, так было ў 1996-м”, — заяўляе Гайдукевіч-малодшы.

Прадстаўнік ЛДП заклікае “забраць у часткі апазіцыі манаполію на Курапаты” і “не рабіць крайнімі бізнэсменаў”. “Годзе спаць, пенсія для многіх яшчэ не хутка, а калі будзеце працягваць так працаваць, то тыя, хто цяпер “кусаецца” на ўездзе ў рэстаран, папросту вас яе пазбавяць”, — напісаў ён.

На думку Алега Гайдукевіча, Курапаты належаць не частцы апазіцыі, а ўсёй краіне, таму “нам трэба мемарыял, які згуртаваў бы ўсіх, а не маленькую частку краіны, не палітызаваны мемарыял”. Пры гэтым ён піша, што “на могілках недапушчальная палітыка і палітыкі, як недапушчальныя там і танцы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі