Гандляры сурагатам чакаюць высялення з кватэры

Жыхары Віцебска, муж і жонка, якія гандлявалі так званай «палёнай» гарэлкай, могуць пазбавіцца ўсяго нажытага. А дакладней – кватэры ў прэстыжным раёне, машыны ды іншай маёмасці. Сума штрафаў, якая, хутчэй за ўсё, будзе спагнана з іх, складае звыш ста мільёнаў рублёў.
«Нядобрая кватэра» ў адным з дамоў па вуліцы Леніна набыла такую славу гады два таму. Гаспадар набываў розныя тэхнічныя вадкасці накшталт сумна вядомых «Максімкі», «Кірушы» ды «Айсберга». У ванне ён размешваў іх з вадой ды разліваў у бутэлькі.

Пітво карысталася папулярнасцю ў мясцовых алкаголікаў. Яны ў любы час дня ці начы соўгаліся па пад'ездзе, лаяліся, шумелі, ды гадзілі проста на лесвічных пляцоўках. Жыхары дому за гэты час звярталіся ў міліцыю разоў мо сорак.

Толькі на адмысловую тэлефонную лінію па барацьбе з самагоншчыкамі ды нелегальным гандлем спіртнымі напоямі тэлефанавалі 26 разоў! Вядома, міліцыянты прыязджалі, складалі пратаколы, вялі з бутлегерам «выхаваўчыя» размовы, канфіскоўвалі сурагат. Але ўсё марна.
Бутлегер трапіўся хітры.

Ён фіктыўна развёўся з жонкай і перапісаў на яе ўсю маёмасць. А сам, непрацуючы інвалід другой групы, дэ-юрэ існаваў на мізэрную пенсію. Нават сумленна выплочваў з яе штрафы — па 16 тысяч у месяц. Агульная ж сума штрафных санкцый на той момант падбіралася да чатырох мільёнаў.

Як распавёў камандзір палка патрульна-паставой службы віцебскага УУС Генадзь Калеснік, міліцыянтам таксама давялося пайсці на хітрыкі. Яны ўзялі кватэру пад асабліва пільны нагляд, але пільнавалі не самога інваліда, а яго жонку. Нарэшце, ім пашчасціла дакументальна зафіксаваць некалькі выпадкаў, калі сурагат алкаголікам прадала яна. На аплату штрафаў жанчына чамусьці забылася, і на яе склалі чарговыя пратаколы.

Зараз маёмасць гандляроў арыштаваная, справа перададзеная ў суд. Першае паседжанне адбылося ў пятніцу, 13-га красавіка. Наступнае адбудзецца пасля таго, як эксперты дасканала даследуюць сурагат. Суддзя вырашыла высветліць, наколькі шкоднай для здароўя пітушчых была тая «палёнка», што прадаваў інвалід, а тады ўжо выносіць прысуд.

Віцебскія міліцыянты спадзяюцца, што ўсе сто мільёнаў з бутлегера ўсё ж такі будуць спагнаныя. Тады, лічаць яны, іншым гандлярам будзе наглядны прыклад. Інвалід і яго жонка дзейнасць сваю, вядома, спынілі. Суседзі кажуць, што апошні месяц дыхаюць з палёгкай — не трэба па ўласным пад'ездзе хадзіць, азіраючыся, ды прыбіраць бруд за незнаёмымі п'яніцамі.

Дарэчы, за тры месяцы 2007 года у Віцебскай вобласці зарэгістравана 108 смерцяў, тым ці іншым чынам звязаных з п'янствам.


Фота — 2005.novayagazeta.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі