Ганчарэнка: Перад матчам з ПСЖ БАТЭ мусіць загуляць хутчэй (фота, відэа)

Да матча 1/8 Лігі Еўропы супраць парыжскага ПСЖ ў БАТЭ засталося 2 тыдні. Галоўны трэнер каманды Віктар Ганчарэнка задаволены тым, як футбалісты рухаюцца па полі пасля зімовага адпачынку. І кажа, што ў бліжэйшым часе барысаўчане будуць працаваць найперш над хуткасцю і над тактыкай.





"На бліжэйшы збор мы павялічваем інтэнсіўнасць трэніровак. Мы скарачаем час, каб каманда вучылася прымаць рашэнні ў яшчэ большым цэйтноце. Будзе яшчэ больш тактыкі, у тым ліку і для падрыхтоўкі з ПСЖ", — адзначыў трэнер.





Большай часткай апошняй перад турэцкімі зборамі трэніроўкі БАТЭ на Радзіме кіраваў Хасэ Пастар Вярчыле — іспанскі спецыяліст, які адказвае ў клубе за фізічную падрыхтоўку. Найперш футбалісты працавалі над каардынацыяй дзеянняў на полі. Пепе (так трэнера БАТЭ па фізпадрыхтоўцы называюць заўзятары) падзяліў каманду на тройкі і прымусіў гуляць у "Сабачку": супраць 3 "сабачак" змагаліся 6 футбалістаў, з якіх 3 нерухома стаялі па межах пляцоўкі, а яшчэ 3 бегалі.








Крыху здзівіла і засмуціла тое, што падчас трэніроўкі, адпрацоўваючы выхад удвох на аднаго, футбалісты БАТЭ забівалі вельмі мала. Ці то на 5+ адпрацоўвалі футбалісты, якія гралі ролю абаронцы, ці то нападаючым пасля практыкавання са штангай і рэзкага рыўка наперад было складана патрапіць у вароты... Але і 17 лютага супраць ПСЖ не будзе лёгка!







Наступнае практыкаванне: спарынг. Гутар і Іваноў займаюць месцы ў варотах, а тыя ж тройкі гуляюць паміж сабой у 3 дотыкі. Мэта — забіць гол! Дарэчы, перад матчам з ПСЖ барысаўскі клуб тройчы сустрэнецца з іншымі камандамі ў таварыскіх спарынгах:

Віктар Ганчарэнка: "Запланаваныя спарынгі: 6-га, 9-га і 12-га лютага. 12-га — "Вісла" (Кракаў), а хто будзе 6-га і 9-га — яшчэ ўдакладняем".

Цікава, што ў "Вісле" на правах арэнды гуляе былы "батон" Міхаіл Сівакоў. Праўда, у кракаўскі клуб ён перайшоў не наўпрост з паўабароны БАТЭ, а праз італьянскую каманду "Кальяры".

Гол забівае лепшы бамбардзір чэмпіяната Беларусі 2010 года Рэнан Брэсан.


Спарынгам Віктар Ганчарэнка кіраваў сам.

А пасля трэніроўкі проста адбылася кароткая прэс-канферэнцыя, на якой у трэнера БАТЭ запыталіся і пра наступнага саперніка клуба — парыжскі ПСЖ.

“Гэта добра арганізаваная каманда, якая добра гуляе ў абароне, — сказаў Віктар Ганчарэнка. — Увогуле ў французскім чэмпіянаце каманды адрозніваюцца няўступлівасцю ў барацьбе і складанай праходнасцю… Ёсць у ПСЖ і асобныя футбалісты, якія добра гуляюць наперадзе — гэта Жулі і Нэнэ, яны вельмі небяспечныя. Але з любой камандай можна гуляць і праходзіць яе”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі