Гамяльчане і мазыране змагаюцца з камунальнікамі за сваё

Гамяльчане судзяцца з камунальным прадпрыемтвам «Савецкае», бо камунальнікі бралі грошы за неаказаныя паслугі. Мозырскі ж прадпрымальнік і зусім узяў на сябе функцыі ЖКГ. У гомельскім судзе ў красавіку - працяг спрэчкі эканаміста Ўладзіміра Бутраменкі з камунальна-жыллёвым прадпрыемствам "Савецкае". Папярэдняе паседжанне суда адкладзена. Жыхар дома №110 на вуліцы Багдана Хмяльніцкага прыхварэў. Прастуда, як сведчыць даведка ад лекара, узнікла з-за нізкай тэмпературы ў пакоі. Такім чынам, у судовых прэтэнзіях заяўніка да прадпрыемства да ЖКГ з'явіўся яшчэ адзін козыр. Ці павялічыць Уладзімір Бутраменка суму свайго пазову, які ўжо ацэньваецца ў 100 млн рублёў, пакажа блізкі час.

На скаргі заяўніка адрэагаваў Вярхоўны суд Беларусі. Ён абавязаў суд Савецкага раёна Гомеля разгледзець прэтэнзіі Бутраменкі ў новым складзе. Заяўнік яшчэ ў 2006 г. пачаў скардзіцца на тое, што гарачая вада ў яго кватэры не адпавядае нормам. Апрача таго,  чалавека не задавальняла абслугоўванне ацяпляльнай сістэмы. Эканаміст па спецыяльнасці, Уладзімір Бутраменка палічыў, што за неаказаныя паслугі ЖКГ ён штомесяц пераплочвае больш за 15 тыс. рублёў. І заявіў: аплачваць ляшняе не будзе. І не плаціў. У адказ ЖЭС-11 стаў размяшчаць прозвішча Бутраменкі ў спісах злосных неплацельшчыкаў і звярнуўся па дапамогу ў суд.

У жніўні 2007 г.  Уладзімір Бутраменка аформіў сустрэчны пазоў. Ён прад'явіў прадпрыемству ЖКГ "Савецкае" абвінавачванне ў незаконным узбагачэнні за кошт жыхароў і запатрабаваў пакрыць яму асабіста як матэрыяльныя, так і маральныя страты. Карэспандэнт РэгіёнBY будзе сачыць, як працягваецца справа.  

Тымчасам жыхар Гомелю Уладзімір Дабрыдзенеў настойліва патрабуе ад ЖКГ "Савецкае" пакрыць яму 5 млн. рублёў. Ён пераконвае суд, што апошнія 4 гады ЖЭС-22 не выконвае сацыяльных стандартаў у абслугоўванні камунальных дамоў і кватэраў.

У Мазыры прадпрымальнік Мікалай Гайдукоў таксама змагаўся з кепскай працай ЖКГ і выйграў неардынарна. Ён цяпер - кіраўнік першай і пакуль адзінай у рэгіёне недзяржаўнай кампаніі ў сферы ЖКГ.

Гаворыць Мікалай Гайдукоў:  - Кампанія "Мазырская альтэрнатыва" створаная пры ўдзеле берлінскай фірмы "Marzen Top", куды я звярнуўся па раду і дапамогу. У былой ГДР таксама шмат панэльных шматпавярховак, але няма такіх запушчаных праблем у абслугоўванні, як у Мазыры.

Альтэрнатыўнай службе Мікалая Гайдукова ўлады «даверылі» дом №16 па вуліцы Нафтабудаўнікоў. Гэта 37-гадовая "хрушчоба", хворая на ўсе старэчыя болькі.

На гэтым тыдні Мікалай Гайдукоў (дарэчы, ён з'яўляецца дэпутатам Мазырскага гарсавета) паведаміў, што жыхары дома №16 стварылі таварыства ўласнікаў і склалі дамову з кампаніяй "Мазырская альтэрнатыва" на абслугоўванне будынка і кватэраў.

85 чалавек, якія працуюць у ЖЭЎ, больш  за 3 тыс. службоўцаў у райжылкамгасе,  службоўцы абласнога ўпраўлення ЖКГ, а таксама іх начальнікі з міністэрства назіраюць за эксперыментам у Мазыры. Падобна, манапалісту ў сферы ЖКГ прыйдзецца пацясніцца. Жыхары самі будуць выбіраць, хто ў гэтай справе лепшы.

Здымак з газеты "Эканамічная праўда"

РэгіёнBY

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі