Галіна Сініцына: Мала было нашых высілкаў, раз Савецкі Саюз усё яшчэ тут

110818 SinicynaS.mp3

20 гадоў таму група змоўнікаў з вышэйшых эшалонаў улады стварылі ў Маскве ваенную кліку пад назвай ГКЧП і зрабілі спробу ўвесці надзвычайнае становішча на тэрыторыі СССР. Аднак людзі ва ўсіх рэспубліках гінучага СССР выйшлі на вуліцы з пратэстамі. У Беларусі, у Оршы на такі пратэст выйшлі чацвёра — Галіна Сініцына, Зміцер Дзядзенка, Алена і Юрась Сцяпанавы. 

Еўрарадыё пагутарыла са спадарыняй Галінай праз 20 год.

Еўрарадыё: Як гэта было?

Галіна Сініцына: Я была там не адна, нас была цэлая група, гэта быў такі час — мы ўсе былі на пад’ёме, чакалі перамен, якія павінны былі адбыцца. І раптам гэтае ГКЧП. Хацелася супраціву нейкага, тым больш што на той час усё замерла. Мы зрабілі агромністы стэнд, 3 на 2 метры, там былі апошнія паведамленні і з Масквы і з Мінска, навіны з Радыё Свабода перапісвалі ад рукі. Гэта быў парыў, не хацелася быдлам сябе адчуваць, з якім можна што заўгодна рабіць.

Еўрарадыё: А колькі чалавек выйшла?  

Галіна Сініцына: “Яшчэ Зміцер Дзядзенка, вядомы беларускі эсэіст, паэт і бард, тады ён быў студэнтам БДУ, мы выйшлі, а нашыя сябры адсочвалі. І калі нас узялі, яны званілі ва ўсе званы, нават на Радыё Свабода, каб гэта не засталося незаўважным. Затрымалі нас дваіх, а было яшчэ два ці тры чалавекі, Сцяпанавы. Калі нас затрымалі, з намі абыходзіліся вельмі сурова. А потым мы бачылі, што нешта мяняецца і амапаўцы самі ня ведаюць, што з намі рабіць. Мы адчувалі, што з намі не будзе нічога кепскага. У пастарунку мы правялі 3 ці 4 гадзіны.

Еўрарадыё: І ў той жа дзень вас адпусцілі? 

Галіна Сініцына: Так, гэта было ўжо 21 жніўня, падзеі з Масквы падказалі, што рабіць, і нас выпусцілі. Нават на наступны дзень мы зайшлі і забралі свае рэчы, стэнд, сцяг. Дарэчы з аршанскімі ўладамі ў нас была дамоўленасць, што нас не будуць чапаць. Нас затрымліваў віцебскі АМАП.

Еўрарадыё: А ў іншых гарадах ці выходзілі на такія пікеты?

Галіна Сініцына: У Віцебску Ігар Цішкін таксама нешта рабіў. Там засядала мясцовае ГКЧП, дробнага масштабу, і галоўны палохаў іх Цішкіным. А больш не ведаю.

Еўрарадыё: Як склаўся ваш лёс пасля гэтага пікету?

Галіна Сініцына: Я да адраджэнскага руху далучылася пасля шэсця на Курапаты з Зянонам Пазняком. Пасля ў Оршы ўтварылася “Повязь”, мы вывучалі літаратуру, гісторыю Беларусі, да нас прыязжаў Мікола Ермаловіч. Калі здымалі сцяг бел-чырвона-белы, гэта бачыў адзін мой вучань, гэта так яго ўразіла, што ён таксама пачаў прымаць удзел... Мала было нашых высілкаў, раз Савецкі Саюз усё яшчэ тут”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі