Галерэя “Ў” зняла мінімалізм і павесіла неа-поп арт

У галерэі сучаснага мастацтва “Ў” адкрылася новая выстава, на якой можна пабачыць усё, што беларусы натварылі ў галіне неа-поп арту. Выстава працуе з 1 па 20 лістапада.
Пасля аўтарскай выставы Кірушчанкі з ягоным мінімалізмам галерэю “Ў” апанавалі адразу 19 беларускіх мастакоў, сярод якіх можна пабачыць Цэслера, Войчанку, Вашкевіча, Клінава. Праект, які мае назву “Філасофія Мас. Беларускі неа-поп арт”, курыраваў Сяргей Шабохін — той самы, што перамог на “Беларускім павільёне 53-й Венецыянскай Біенале”, якая праходзіла ў Мінску летам.



Сяргей, малады мастак і фатограф, паспрабаваў зрабіць гістарычны перагляд такога стылю, як неа-поп арт:

“У Беларусі няма маштабнага гістарычнага перагляду стыляў, — расказаў Сяргей Шабохін у інтэрв'ю Еўрарадыё — У Расіі, напрыклад, такія выставы праводзяцца кожныя два месяца, яны бяруць тэму, праглядваюць, што было зроблена ў гэтым накірунку, і падводзяць вынік. А ў Беларусі мастакі ладзяць персанальныя выставы, а пасля ціха складваюць працы ў сваіх майстэрнях.

Таму мне хацелася прааналізаваць, што было зроблена ў Беларусі ў накірунку неа-поп-арту. І мне было важна,  каб усе гэтыя працы былі побач і “размаўлялі”, ўзаемадзейнічалі адна з адной”.







Тым не менш, некаторыя карціны і інсталяцыі беларусы маглі ўжо пабачыць “разам”. На тым жа “Беларускім павільёне” ужо выстаўляліся чырвоныя сэрцы Канстанціна Селіханава ці кардонныя скульптуры Міхаіла Гуліна.






Як сказаў Еўрарадыё Сяргей Шабохін, “некаторыя працы былі ўзятыя старыя, некаторыя рабіліся спецыяльна пад праект”. Але далёка не ўсе прадстаўнікі беларускага неа-поп арту трапілі ў “Філасофію мас”.








“Я нават зараз магу прыгадаць каля 20 імёнаў аўтараў, якія на 100% займаюцца тэмай поп арту, але якія не трапілі ў мой праект. Наогул у Беларусі любяць гэтую тэму. Не падумайце, што на гэтай выставе я сабраў “усё, што ёсць”. Не, я сапраўды адбіраў працы”, — сказаў Сяргей Шабохін.



Удалае адкрыццё выставы адбылося перад хэлаўінскай ноччу, 31 кастрычніка.





Аня Чыстасердава
, арт-дырэктар галерэі “Ў”, падзялілася з Еўрарадыё сваімі ўражаннямі:

“Нягледзячы на вялікую канкурэнцыю ў гэты дзень, галерэю ажно да 23 гадзіны актыўна наведвалі людзі, сярод якіх можна было пабачыць мастакоў, фатографаў, прадстаўнікоў дыпламатычных місій, бізнесменаў, моладзь — і кожны знаходзіў нешта сваё. Незадаволеных экспазіцыяй няма!”









Яшчэ Аня адзначыла, што на першае суправаджальнае мерапрыемства — экскурсію па экспазіцыі, якая адбылася 1 лістапада — сабралася поўная галерэя людзей.





Расклад усіх мерапрыемстваў па праекце “Філасофія Мас. Беларускі неа-поп арт” глядзіце на афіцыйнай старонцы Галерэі “Ў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі