Фюле: Мы хочам, каб беларусы менш плацілі за візы

Еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле 29 сакавіка ў Бруселі абвясціў пра пачатак "Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі" з беларускім грамадствам. Плануецца, што прадстаўнікі ЕС разам з беларускімі апазіцыйнымі палітыкамі і грамадскімі актывістамі будуць абменьвацца поглядамі і ідэямі пра рэформы ў Беларусі, развіццё яе адносін з ЕС і пра магчымую падтрымку Еўрасаюза. Дыялог засяроджаны на чатырох ключавых сферах: палітычная рэформа; рэформа судовай сістэмы і чалавечыя кантакты; пытанні эканамічнай і галіновай палітыкі; гандаль і рынкавыя рэформы.

 

Пасля аб’яўлення аб пачатку “Дыялога” Штэфан Фюле адказаў на некалькі пытанняў Еўрарадыё.

120329 Malina Fule.mp3

Еўрарадыё: Як маладыя людзі, у тым ліку і слухачы Еўрарадыё, змогуць паўдзельнічаць у гэтым дыялогу?

 

Штэфан Фюле: Па-першае, вялікае прывітанне ўсім беларусам. Пэўны час мы думалі, што нам зрабіць для таго, каб наша палітыка не была толькі рэактыўнай. І такім чынам сёння мы вылучаем трэцюю платформу. Першая — гэта санкцыі, другая — падтрымка ўсіх тых, каго пераследуюць улады, а трэцяя платформа — дыялог аб мадэрнізацыі. Гэта платформа пра еўрапейскую Беларусь, пра тое, што канкрэтна можа даць Еўрасаюз беларусам, калі не будзе палітвязняў і калі Беларусь стане на дарогу дэмакратыі. Таму я думаю, што сённяшні дзень важны не толькі для тых, каго ўлады знялі з цягніка і каму не далі прыехаць. Мы пачнем дыскусію ў самой Беларусі пра еўрапейскую Беларусь, пра прынцыпы і каштоўнасці Еўрасаюза, якія могуць быць карыснымі вашай краіне.

 


Еўрарадыё: Што могуць зрабіць беларусы, каб іх голас і іх меркаванне былі пачутыя вамі ў Еўракамісіі? Як гэты дыялог весці з беларускага боку, асабліва калі ўлічваць дарагія візы і складанасці ў іх атрыманні?

 

Штэфан Фюле: Беларусь — адзіная з вядомых мне краін, якая яшчэ не адрэагавала пазітыўна на прапанову Еўрасаюза аб перамовах па аблягчэнні візавага рэжыму. Мы хочам, каб беларусы менш плацілі за візы і каб яны мелі лепшыя ўмовы для наведвання ЕС. Але ці хоча гэтага Лукашэнка? Наша прапанова ляжыць на стале ў беларускіх уладаў ужо дзевяць месяцаў, і мы не атрымалі ніякага адказу. Аднак мы робім пэўныя крокі на ўзроўні асобных краін-сябраў ЕС.

Спадзяюся, што ў вельмі хуткім часе беларусы адчуюць на сабе пазітыўныя змены ў гэтым кірунку. Цяпер наконт другой часткі пытання. Сёння мы запусцілі пэўны працэс. Гэта больш чым серыя разавых сустрэч — гэты працэс закране чатыры асноўныя тэмы, якія будуць разглядацца ў працоўных групах унутры Беларусі, і ўдзел у гэтых абмеркаваннях будзе максімальна шырокі. Акурат тут маладыя людзі, пра якіх вы казалі, могуць паўдзельнічаць і прапанаваць свае ідэі. Будзе праведзена серыя семінараў, у якіх вельмі зацікаўленыя краіны-сябры ЕС. Яны будуць тычыцца розных тэмаў: прыватызацыі, умацавання грамадзянскай супольнасці і г.д.

 

Еўрарадыё: І апошняе пытанне: якое асноўнае пасланне вы зараз адрасуеце беларускім уладам?

 

Штэфан Фюле: Маё пасланне вельмі яснае. Усё вельмі проста: адпусціце і рэабілітуйце палітычных вязняў — і тады вы зможаце скарыстацца перавагамі “Еўрапейскага дыялогу па мадэрнізацыі Беларусі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі