Фядута: Партыю рэгіёнаў абвінавачваюць у падрыхтоўцы фальсіфікацый

Ва Украіне прайшлі датэрміновыя парламенцкія выбары. За месца ў Вярхоўнай Радзе змагаліся 20 партый і блокаў. Цэнтральная выбарчая камісія працягвае падлік галасоў, на цяперашні момант апрацавана 85% бюлютэней.
Данецкая, Луганская вобласці і Аўтаномная Рэспубліка Крым
затрымліваюцца з падлікам галасоў.

Беларускі палітолаг Аляксандр
Фядута, які знаходзіцца цяпер у Кіеве, кажа, што такая затрымка дае
падставы звінавачваць Партыю рэгіёнаў у падрыхтоўцы і ажыццяўленні
фальсіфікацыяў.

Фядута: “Тры рэгіёны, у якіх традыцыйна гаспадарыць Партыя рэгіёнаў:
Данецкая, Луганская вобласць і Аўтаномная Рэспубліка Крым,—
затрымліваюцца з падлікам галасоў.

Гэта дае падставы звінавачваць Партыю рэгіёнаў у падрыхтоўцы і
ажыццяўленні фальсіфікацыяў, таму што адны з хаўруснікаў Партыі
рэгіёнаў – Сацыялістычная партыя Мароза балансуе на мяжы – праходзяць
ці не…

І дзеля таго, каб Мароз патрапіў у парламент, трэба, каб
сапраўды выбарчыя камісіі вельмі добра над гэтым папрацавалі”.

Па словах Аляксандры Фядуты, палітыка ва Украіне ўжо змянілася:

“Зразумела, што цяпер канстытуцыйнай большасці не будзе ні ў адной з
палітычных сіл. Канстытуцыю трэба ўсё ж такі мяняць, на сёння ва
Украіне два лідэры – прэзідэнт і прэм’ер-міністр, а так быць не можа, і
нейкім чынам трэба мяняць паўнамоцтвы…

Ужо ўчора, нягледзячы на тое, што казалі лідэры, іншыя ўплывовыя
постаці са спісаў — напрыклад Мікола Таменка з БЮТу альбо Уладзімір
Сіўковіч з Партыі рэгіёнаў — казалі пра неабходнасць дамаўляцца і
шукаць кампраміс”.

Палітолаг таксама дадаў, што вынікі выбараў ніяк не
паўплываюць на беларуска-ўкраінскія адносіны.