Футбольныя фанаты адстаялі свае квіткі ў “Дынама”

Продаж квіткоў на футбольны матч БАТЭ-"Зеніт" пачаўся са скандалу. У касах мінскага стадыёна "Дынама" квіткоў не было, хаця загадзя аб'яўлялася, што іх пачнуць прадаваць 16 кастрычніка аб 11-й гадзіне. Для футбольных фанатаў непрыемная навіна стала сапраўдным шокам: многія прыехалі займаць чаргу за некалькі гадзінаў. Каля касаў "Дынама" іх чакала абвестка, што квіткі прадавацца не будуць — паводле рашэння Беларускай федэрацыі футбола. Каля тысячы раз'юшаных аматараў футбола пачалі скандаваць "Ганьба!" і "Квіткі — нам".

Пра падрабязнасці Еўрарадыё расказала адна з удзельніц гэтага імправізаванага мітынгу:

Удзельніца: Народ, я чула па размовах, займаў чаргу з 5-6 гадзінаў раніцы. Стаялі на машынах, з тэрмасамі, з кавай... Вельмі былі раззлаваныя той арганізацыяй і неразбярыхай, якая атрымалася ў выніку.

Абураныя футбольныя заўзятары ледзь не выбілі шкло ў касах. Адміністрацыя сталічнага стадыёна нават была вымушаная выклікаць машыну спецназу і паабяцаць, што продаж пачнецца .

Аднак і само кіраўніцтва стадыёна апынулася міжвольным закладнікам сітуацыі. У касах "Дынама" квіткоў на матч БАТЭ-"Зеніт" папросту не было. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў прыёмнай дырэктара стадыёна:

Не, ніякіх квіткоў, нічога ў нас няма. У нас зараз раз'юшаны натоўп, які вінаваціць ва ўсім "Дынама" — і больш нікога! Яны стаяць тут — горш, чым “Няміга”. Таму сказаць вам нічога не можам. Квіткоў у нас няма! Нам нічога не прывозілі.

Акрамя Мінску, квіткі на матч Лігі чэмпіёнаў прадаваліся і ў Барысаве — на "радзіме" клуба БАТЭ. Там такой праблемы, як у сталіцы, не было. Як распавёў у інтэрв'ю Еўрарадыё прэс-сакратар БАТЭ Дзяніс Сарокін, квіткі пачалі прадавацца ў абяцаны час — у 11 гадзінаў 16 кастрычніка.

Сарокін: У Мінску квіткі не паступілі ў продаж. На касах вісіць абвестка "Сёння квіткоў не будзе". У Барысаве квіткі ў продаж паступілі. З чым гэта звязана і ці будуць у Мінску квіткі — канкрэтна мне гэта невядома.

Дарэчы, самыя вынаходлівыя футбольныя заўзятары не сталі чакаць квіткоў у Мінску, а паехалі па іх у Барысаў. Прэс-сакратар БАТЭ кажа, што ягонымі спадарожнікамі ў маршрутцы "Мінск-Барысаў" якраз былі двое такіх прадпрымальных фанатаў.

Тыя ж, хто вырашыў купляць квіткі ў Мінску, свайго шчасця ўсё ж дачакаліся. А 15-й гадзіне квіткі сталі прадавацца ў касах сталічнага стадыёна. Праўда, касіркі пасля ранішняга перапалоху да пакупнікоў ставіліся па-ранейшаму насцярожана. "Супакоіліся, пакуль квіткі ёсць. Як толькі квіткі скончацца, усё зноў пачнецца", — заклапочана кажуць у касах "Дынама".

Фота Ксеніі Авімавай

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі