Футбаліст, які не стаў выступаць за Беларусь пры Лукашэнку, паехаў у Ізраіль

Беларускі футбаліст Ілля Шкурын прыпыніў кантракт з расійскім футбольным клубам ЦСКА, паведамляецца ў ТГ-канале клуба. Нападнік скарыстаўся папраўкай Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА).

Сёлета ў чэрвені ФІФА дазволіла ўсім легіянерам да 30 чэрвеня 2023 года ў аднабаковым парадку прыпыніць кантракты ў расійскіх клубах. Гэта звязана з вайной, якую Расія развязала супраць Украіны. Шкурын якраз скарыстаўся гэтай папраўкай.

На пачатку 2020-га хлопец перайшоў у ЦСКА. Пасля выбараў у Беларусі Шкурын выступіў супраць гвалту, развязанага ўладамі, і адмовіўся прыязджаць у нацыянальную зборную пры рэжыме Лукашэнкі. Беларускія ўлады забралі ў яго адтэрміноўку ад войска і падалі на яго скаргу ў ФІФА, але арганізацыя стала на бок форварда.

У 2021-м ЦСКА аддаў Шкурына ў арэнду ў кіеўскае "Дынама". Сёлета ў лютым беларус перабраўся ў польскі "Ракуў", за які правёў усяго два матчы. Як піша zerkalo.io, цяпер 23-гадовы футбаліст будзе гуляць у ФК "Макабі" (Петах-Тыква) з другога дывізіёна чэмпіянату Ізраіля.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.