У інтэрнэце з'явіліся здымкі Марыупальскага драмтэатра, зробленыя з космасу 14 сакавіка.
Як піша Reuters, спадарожнікавыя здымкі зрабіла прыватная амерыканская кампанія Maxar Technologies. На здымках бачна, што каля тэатра на зямлі з двух бакоў па-руску вялікімі літарамі напісанае слова "Дзеці".
Maxar Technologies абяцае распаўсюдзіць новыя здымкі тэатра, як толькі яны з'явяцца.
16 сакавіка тэатр, дзе хаваліся тысячы мірных людзей (пераважна жанчыны і дзеці), быў знішчаны. Украінскае МЗС паведаміла, што расійскія войскі скінулі на будынак магутную бомбу.
Расійскае Міністэрства абароны ў адказ абвінаваціла ў выбуху ўкраінскі батальён "Азоў". Ніякіх доказаў расійскі бок прыводзіць не стаў.